Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/05/906129_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2019 09:02
05.06.2017 12:39 Палітыка

Макей: Апасенні з нагоды сумесных вучэнняў Беларусі і Расіі "Захад-2017" абсурдныя і недарэчныя

Мінск, 5 чэрвеня. Асцярогі з нагоды сумесных вучэнняў Беларусі і Расіі "Захад-2017" абсурдныя і недарэчныя, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 5 чэрвеня на сумесным пасяджэнні калегій МЗС Беларусі і Расіі ў Маскве.

"Даводзіцца зноў згадваць абсурдныя, недарэчныя асцярогі з нагоды рэгулярных сумесных вучэнняў "Захад". Яны будуць максімальна транспарэнтнымі і адкрытымі для назіранняў", — цытуе Макея ТАСС.

Беларускі міністр таксама адзначыў, што разгортванне элементаў ПРА ў Еўропе і ўзмацненне ўсходняга флангу НАТА парушаюць стратэгічны баланс сіл у рэгіёне.

"Разгортванне элементаў ПРА ў Еўропе, узмацненне ўсходняга флангу НАТА становяцца фактарамі, якія правакуюць парушэнне стратэгічнага балансу сіл і, па вялікім рахунку, новую гонку ўзбраеньняў", — сказаў Макей.

Паводле яго слоў, НАТА не жадае сёння бачыць у Расіі раўнапраўнага партнёра. "Гэта рэзка звужае варыянты для супрацоўніцтва, вядзе да падтрымання высокага ўзроўню напружанасці ў рэгіёне", — лічыць Макей.

У сваю чаргу Лаўроў адзначыў, што на запланаванай двухбаковай сустрэчы кіраўнікоў МЗС Беларусі і Расіі плануецца абмеркаваць каардынацыю намаганняў па выбудоўванні адносін з НАТА ў святле апошніх рашэнняў на саміце альянсу.

"Нам трэба будзе абмеркаваць каардынацыю падыходаў да выбудоўвання адносін з Паўночнаатлантычным альянсам, — сказаў ён. — У святле рашэнняў апошніх самітаў НАТА мы вымушаныя канстатаваць, што прымаюцца спробы змяніць існуючы баланс сіл у Еўропе, беспрэцэдэнтнае з моманту заканчэння халоднай вайны нарошчванне ваеннага патэнцыялу блока, павелічэнне маштабаў ваенна-трэніровачнай актыўнасці, як і працяг стварэння амерыканскай сістэмы ПРА дэстабілізуюць сітуацыю на еўрапейскім кантыненце".

Паводле слоў Лаўрова, такія дзеянні "супярэчаць рашэнню самітаў АБСЕ і самітаў Расія — НАТА аб стварэнні ў Еўраатлантыцы адзінай прасторы міру, бяспекі і стабільнасці" і наўпрост закранаюць нацыянальныя інтарэсы Расіі і Беларусі. "Узгодненыя дзеянні нашых краін, у тым ліку па лініі АДКБ, дзе ў гэтым годзе старшынствуюць беларускія сябры, набываюць асаблівае значэнне", — сказаў Лаўроў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН