Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/05/906156_456987/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:51
05.06.2017 14:12 Эканоміка

Ліцэнзаванне экспарту некаторых відаў лесаматэрыялаў працягнутае яшчэ на паўгода

Мінск, 5 чэрвеня. Ліцэнзаванне экспарту з Беларусі за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза некаторых відаў лесаматэрыялаў працягнутае яшчэ на паўгода, паведаміла прэс-служба канцэрна "Беллеспаперапрам". Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 414 ад 2 чэрвеня.

Калі раней пад ліцэнзаванне траплялі лесаматэрыялы цвердаліставых парод — дубу і ясеню, то зараз пералік папоўніўся лесаматэрыяламі з клёну і алешыны.

"Гэтая мера абумоўленая неабходнасцю бесперабойнага забеспячэння перапрацоўчых прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай і мэблевай галін рэспублікі лесаматэрыяламі каштоўных парод. Дзеянне гэтай меры ў папярэдні перыяд паказала яе эфектыўнасць. Перапрацоўчым прадпрыемствам рэспублікі ўпершыню пачала ажыццяўляцца пастаўка чарнавой мэблевай загатоўкі з цвердаліставых парод. Прыпыненае выкарыстанне не па прызначэнні тэхналагічнай сыравіны пры вытворчасці экспартных лесаматэрыялаў", — пракаментавалі ў канцэрне.

Як вынікае з параўнальнага аналізу экспарту за лістапад—снежань 2015 года і за 2016 год, вываз чарнавой мэблевай загатоўкі скараціўся ў 2,4 разу, а экспарт паўфабрыкатаў для паркету, пакрыцця падлогі павялічыўся ў 1,6 разу, што, як адзначылі ў канцэрне, "пацвярджае эфектыўнасць увядзення абмежавання экспарту гэтых лесаматэрыялаў, якое прымусіла экспарцёраў пераарыентаваць вытворчасць у бок павелічэння аб'ёмаў прадукцыі глыбокай перапрацоўкі з высокім дададзеным коштам".

У канцэрне лічаць, што працяг дзеяння ліцэнзавання экспарту лесаматэрыялаў цвердаліставых парод за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза "будзе садзейнічаць зніжэнню вострага дэфіцыту гэтай сыравіны сярод дрэваапрацоўчых і мэблевых прадпрыемстваў рэспублікі". Айчынныя вытворцы, якія выпускаюць прадукцыю глыбокай ступені перапрацоўкі і з высокім дададзеным коштам з каштоўных парод драўніны змогуць набыць гэтыя лесаматэрыялы па даступнай цане і ў патрэбным аб'ёме для загрузкі сваіх вытворчых магутнасцяў.

Прынятай пастановай таксама праведзенае карэктаванне п. 1 у частцы выключэння Азербайджана, Грузіі, Туркменістана і Сербіі з-пад дзеяння парадку ліцэнзавання.

Згодна з пастановай, экспарцёрам асобных відаў лесаматэрыялаў неабходна атрымліваць разавую ліцэнзію, якая выдаецца ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю паводле ўзгаднення з Беларускім вытворча-гандлёвым канцэрнам лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці ("Беллеспаперапрам").

"Беллеспаперапрам" узгадняе заяву аб выдачы ліцэнзіі на экспарт лесаматэрыялаў пры наяўнасці заключанага паміж канцэрнам і арганізацыяй-экспарцёрам пагаднення аб умовах паставак пазначаных ў пастанове лесаматэрыялаў, галоўнай з якіх вызначаная глыбіня перапрацоўкі.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН