Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/05/906177_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 03:52
05.06.2017 14:12 Палітыка, Грамадства

Беларусь і Расія рыхтуюць пагадненне аб узаемным прызнанні віз

Мінск, 5 чэрвеня. Беларусь і Расія рыхтуюць міжурадавае пагадненне аб узаемным прызнанні віз, паведаміў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў на прэс-канферэнцыі па выніках сумеснага пасяджэння калегій МЗС Беларусі і Расіі 5 чэрвеня ў Маскве.

"Мы завяршаем, я спадзяюся, узгадненне міжурдавага пагаднення, якое будзе прысвечанае ўзаемнаму прызнанню віз і ўзгодненасці дзеянняў па іншых пытаннях, якія звязаныя з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы", — заявіў Лаўроў на прэс-канферэнцыі, якая транслявалася на сайце МЗС РФ.

Акрамя таго, адзначыў ён, ужо ўзгоднены і выносіцца на зацвярджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы план мерапрыемстваў па фарміраванні адзінай міграцыйнай прасторы на найбліжэйшыя тры гады.

"Я лічу, што гэта нас сур'ёзна прасуне ў вырашэнні пытанняў, якія цяпер узнікаюць у дачыненні да памежнай зоны, — сказаў Лаўроў. — Гэтыя зоны не маюць ніякага дачынення да абмежавання свабоды перамяшчэння нашых грамадзян. Яны азначаюць толькі адно — паколькі мяжы не існуе, замежныя грамадзяне, для якіх патрабуецца віза, каб трапіць у Расію, павінны нейкім чынам зафіксаваць факт перасячэння гэтай мяжы. Я перакананы, што гэтая праблема будзе вырашацца. Прафесіяналы знойдуць магчымасць зрабіць так, каб рашэнне было знойдзенае".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН