Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/05/906191_556698/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:26
05.06.2017 14:29 Палітыка, Эканоміка

Макей: Мы не збіраемся нікуды сыходзіць ад Расіі

Мінск, 5 чэрвеня. Развіваючы эканамічныя кантакты з іншымі краінамі, Беларусь не збіраецца "ірваць сувязі з расійскімі сябрамі", заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў сумеснага пасяджэння калегій МЗС Беларусі і Расіі 5 чэрвеня ў Маскве.
Анлайн-трансляцыю вяло МЗС Расіі.

"Мы гэта кажам не толькі расійскім сябрам, але і еўрапейскім партнёрам — мы не збіраемся нікуды сыходзіць ад Расіі. Мы выдатна разумеем, што нашы эканомікі цесна пераплеценыя. Ёсць дакладнае разуменне, што мы не збіраемся ірваць сувязі з расійскімі сябрамі", — сказаў Макей.

Пры гэтым, адзначыў ён, у Мінску разумеюць неабходнасць развіваць гандлёва-эканамічныя адносіны з іншымі краінамі. "Падчас нейкіх сусветных фінансава-эканамічных крызісаў нам трэба мець запасныя падушкі, каб пазбегнуць узрушэнняў. Мы хочам нарошчваць кантакты на расійскім рынку, але і адначасова — мець добрыя сувязі з краінамі далёкай дугі, а таксама ЕС, які з'яўляецца нашым другім эканамічным партнёрам", — растлумачыў кіраўнік беларускага МЗС.

Паводле вынікаў сумеснага пасяджэння калегій Уладзімір Макей і расійскі міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў падпісалі заяву з нагоды 25-годдзя ўстанаўлення беларуска-расійскіх дыпламатычных адносін. У ёй адзначаецца, што падпісанне 8 снежня 1999 года дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы стала важнай вяхой у новай гісторыі беларуска-расійскіх адносін. "Рэалізацыя палажэнняў дагавора, які вызначыў напрамкі і формы рэалізацыі патэнцыялу нашага стратэгічнага партнёрства, дало магчымасць забяспечыць роўнасць, захаванне і паважанне правоў грамадзян дзвюх краін і паглыбленне гуманітарных сувязяў, істотна пашырыць узаемадзеянне ў эканамічнай сферы, дасягнуць высокага ўзроўню ў прамысловай і навукова-тэхнічнай кааперацыі", — гаворыцца ў заяве.

Кіраўнікі МЗС адзначылі "актыўны палітычны дыялог на ўсіх узроўнях", які вядзецца паміж дзвюма краінамі. "Створаная за мінулыя гады ўстойлівая інфраструктура супрацоўніцтва дазваляе аператыўна знаходзіць узаемапрымальныя рашэнні па любых праблемных сюжэтах двухбаковага парадку дня", — цытуе заяву дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Каментуючы заяву, Макей і Лаўроў адзначылі: у ёй зафіксаваныя галоўныя вынікі беларуска-расійскага ўзаемадзеяння, сумесныя прыярытэты на міжнароднай арэне, а таксама вызначаныя арыенціры на будучыню.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН