Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/05/906212_456321/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 04:12
05.06.2017 15:09 Палітыка

Сумесная заява МЗС: Беларусь і Расія рашуча асуджаюць тэрарызм ва ўсіх яго формах і праявах

Мінск, 5 чэрвеня. Беларусь і Расія рашуча асуджаюць тэрарызм ва ўсіх яго формах і праявах. Пра гэта, як паведамляе агенцтва БелТА, гаворыцца ў сумеснай заяве, падпісанай міністрамі замежных спраў Беларусі і Расіі Уладзімірам Макеем і Сяргеем Лаўровым 5 чэрвеня ў Маскве.

"Лічым, што эфектыўнае процідзеянне гэтай з'яве магчымае выключна на калектыўных пачатках, без палітызацыі і двайных стандартаў, пры строгім і няўхільным захаванні палажэнняў адпаведных рэзалюцый Савета бяспекі ААН і Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі ААН", — гаворыцца ў дакуменце.

У заяве адзначаецца, што для павышэння выніковасці шматбаковых намаганняў у барацьбе з міжнародным тэрарызмам патрабуецца комплексны падыход, які ўключае спыненне распаўсюджвання радыкальнай рэлігійнай і экстрэмісцкай ідэалогіі і прапаганды, эфектыўнае ўзаемадзеянне ў сферы абмену інфармацыяй аб трансмежавых перасоўваннях замежных тэрарыстаў-баевікоў, а таксама ўстанаўленне надзейнага заслону фінансаванню і матэрыяльна-тэхнічнай падтрымцы тэрарызму.

У заяве таксама гаворыцца, што Беларусь і Расія выступаюць за шматбаковыя і калектыўныя падыходы да вырашэння актуальных глабальных і рэгіянальных праблем, прынцып неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў, непрыманне палітыкі санкцый і аднабаковых эканамічных і гандлёвых абмежаванняў.

Акрамя таго, краіны працягнуць сумесную працу ў мэтах найхутчэйшага далучэння беларускага боку да Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Беларусь і Расія пацвердзілі імкненне да вырашэння ўсяго комплексу задач саюзнай інтэграцыі і двухбаковага ўзаемадзеяння ў мэтах садзейнічання ўстойліваму развіццю дзвюх краін і росту іх аўтарытэту на міжнароднай арэне.

У заяве адзначаецца, што Беларусь і Расія выступаюць лакаматывам інтэграцыі на прасторы СНД.

"Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя ўваходзяць у лік найбольш актыўных удзельнікаў інтэграцыйных аб'яднанняў на прасторы СНД, выступаюць лакаматывам прасоўвання новых шматбаковых ініцыятыў, — гаворыцца ў дакуменце. — Прыхільнасць прынцыпам стратэгічнага партнёрства і паслядоўныя дзеянні, скіраваныя на паглыбленне інтэграцыйных працэсаў у Еўразіі, садзейнічалі фармаванню якасна новага эканамічнага аб'яднання — Еўразійскага эканамічнага саюза".

Ключавымі фактарамі функцыянавання ЕАЭС названыя ліквідацыя ўнутраных бар'ераў, фармаванне адзінага рынку тавараў, паслуг, капіталу і працоўных рэсурсаў у межах саюза, усебаковая мадэрнізацыя, кааперацыя і павышэнне канкурэнтаздольнасці нацыянальных эканомік на сусветным рынку. Развіццю ЕАЭС спрыяе выбудоўванне ўзаемадзеяння з рознымі дзяржавамі і інтэграцыйнымі аб'яднаннямі на недыскрымiнацыйнай аснове i пры захаванні ўніверсальных правілаў сусветнага гандлю, у тым ліку рэалізацыя ініцыятывы "інтэграцыі інтэграцый".

У заяве таксама гаворыцца, што крызіс на ўсходзе Украіны не мае ваеннага рашэння. Бакі зыходзяць з таго, што канфлікт "павінен быць урэгуляваны палітыка-дыпламатычным шляхам на аснове мінскіх пагадненняў ва ўсёй іх паўнаце і паслядоўнасці".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН