Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/05/906228_456321/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:17
05.06.2017 16:27 Грамадства

Ганна Новік, якую затрымалі ў Мінску разам з графіцістам Алегам Ларычавым, аштрафаваная на 230 рублёў

Мінск, 5 чэрвеня. Ганна Новік, затрыманая ў Мінску разам з арт-менеджарам і графіцістам Алегам Ларычавым, пакараная штрафам у 10 базавых велічынь (230 рублёў). Такое рашэнне прыняў 5 чэрвеня суд Кастрычніцкага раёна Мінска.

Пасля невялікага перапынку тут жа павінны судзіць Ларычава.

Ларычаў і яго дзяўчына былі затрыманыя ў ноч з 3 на 4 чэрвеня. Яны абвінавачваюцца ў тым, што ішлі ноччу па вуліцы і гучна лаяліся матам. Пра затрыманне графіціст паспеў паведаміць у "Твітэры". "Начавалі ў РУУС і Акрэсціна. Зараз чамусьці зноў у РУУС Кастрычніцкага раёна прывезлі", — напісаў ён. Ларычаў таксама паведаміў, што іх затрымалі з фарбай і трафарэтам з сімволікай "Белага легіёна". "Але шыюць зноў 17.1 (дробнае хуліганства. — БелаПАН.)", — удакладніў ён.

Алег Ларычаў — арганізатар фестывалю вулічнага мастацтва Urban Myths і куратар стрыт-арт-супольнасці Signal. На старонцы суполкі ў сацсетках публікаваліся фатаграфіі вострых сацыяльных графіці і постараў, якія апошнім часам з`яўляліся ў Мінску (напрыклад, калючы дрот на мурале аб дружбе Мінска і Масквы, сатырычныя выявы былога міністра працы і сацыяльнай абароны Мар`яны Шчоткінай, экс-прэм`ера Міхаіла Мясніковіча, міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча і камандзіра мінскага АМАПа Дзмітрыя Балабы). Аўтары большасці гэтых работ невядомыя.

4 красавіка Ларычаў быў збіты невядомым у пад`ездзе свайго дома. Яго даставілі ў бальніцу хуткай дапамогі, дзе дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму. Графіціст звярнуўся ў міліцыю з заявай аб пошуку нападнікаў і прыцягненні іх да крымінальнай адказнасці.

28 красавіка Ларычава асудзілі на пяць сутак арышту паводле абвінавачання ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КоАП) — ён таксама быў затрыманы на вуліцы ў цэнтры горада нібыта за тое, што "размахваў рукамі, нецэнзурна лаяўся і на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі не рэагаваў".
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН