Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/05/906235_556699/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:42
05.06.2017 16:50 Палітыка

ПАСЕ пакуль не плануе вяртаць статус спецыяльнага запрошанага беларускаму парламенту

Мінск, 5 чэрвеня. Парламенцкая асамблея Савета Еўропы пакуль не плануе вяртаць статус спецыяльнага запрошанага Нацыянальнаму сходу Беларусі. Гэта вынікае з праекта рэзалюцыі, апублікаванага на сайце ПАСЕ.
Рэзалюцыя падрыхтаваная камітэтам ПАСЕ па палітычных пытаннях на аснове даклада спецдакладчыка па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні. Даклад і рэзалюцыя будуць разгледжаныя ПАСЕ 27 чэрвеня ў межах летняй сесіі ў Страсбургу.

У праекце рэзалюцыі выказваецца шкадаванне, што "пазітыўная тэндэнцыя да большай міжнароднай адкрытасці і дыялогу паміж Беларуссю і асамблеяй была падарваная нядаўняй эскалацыяй гвалту і пераследам мірных дэманстрантаў вясной 2017 года". Беларусь заклікаюць да неадкладнага вызвалення актывістаў апазіцыі, якія застаюцца ў зняволенні, і правядзення расследавання па паведамленнях аб жорсткім абыходжанні з імі і запалохванні.

У дакуменце таксама ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў паважаць і падтрымліваць права грамадзян на свабоду сходаў, асацыяцый, меркаванняў і СМІ, забяспечыць палітычны плюралізм, свабодныя і справядлівыя выбары.

Вітаецца шэраг пазітыўных захадаў, у тым ліку вызваленне ў 2015 годзе палітычных зняволеных і наяўнасць у парламенце двух незалежных дэпутатаў, пры гэтым беларускім уладам адрасаваны заклік рэабілітаваць і аднавіць у грамадзянскіх і палітычных правах вызваленых палітвязняў, уключаючы зняцце з іх судзімасцяў і абмежаванняў на ўдзел у выбарах.

У праекце дакумента таксама гаворыцца, што ПАСЕ падтрымлівае працяг кантактаў з уладамі і незалежнай грамадзянскай супольнасцю Беларусі на аснове каштоўнасцяў і дэмакратычных стандартаў Савета Еўропы, утрымліваецца заклік ўвесці неадкладны мараторый на смяротнае пакаранне і не прыводзіць у выкананне ўжо вынесеныя смяротныя прысуды.

Пры гэтым адзначаецца, што пры адсутнасці мараторыя на смяротнае пакаранне і прагрэсу ў пытанні паважання дэмакратычных прынцыпаў і каштоўнасцяў Бюро ПАСЕ не можа адмяніць прыпыненне статусу спецыяльнага запрошанага для Нацыянальнага сходу Беларусі.

Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, дзе ўжываюць смяротнае пакаранне. Менавіта з гэтай прычыны яна не ўваходзіць у Савет Еўропы — у 1993 годзе беларускі парламент атрымаў статус спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, але ў 1997-м быў пазбаўлены яго пасля рэферэндуму, які захаваў смяротнае пакаранне. Кожны смяротны прысуд у Беларусі традыцыйна асуджаецца інстытутамі Савета Еўропы.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН