Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/06/906313_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2019 08:41
06.06.2017 11:44 Грамадства

Вярхоўны суд істотна змякчыў пакаранне для былых сілавікоў па "справе сямнаццаці"

Мінск, 6 чэрвеня. У Вярхоўным судзе абвешчана рашэнне па апеляцыі абвінавачаных "справы сямнаццаці". Былым супрацоўнікам праваахоўных органаў тэрмін скарочаны на шэсць гадоў, галоўнаму фігуранту Канстанціну Вілюгу — на адзін год.
Такім чынам, былы оперупаўнаважаны КДБ Ігар Карыцкі прыгавораны да васьмі гадоў пазбаўлення волі, як і былы оперупаўнаважаны ГУБАЗіК МУС Канстанцін Дзенісевіч. Экс-оперупаўнаважанаму КДБ Дзмітрыю Вераценскаму канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе дзевяці гадоў пазбаўлення волі, Канстанціну Вілюгу — 19 гадоў калоніі.

Вярхоўны суд палічыў недаказаным шэраг эпізодаў, звязаных з распаўсюджваннем спайсаў, а таксама выключыў з абвінавачання акалічнасць ажыццяўлення сілавікамі незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, незаконнага абароту наркотыкаў у складзе арганізаванай злачыннай групы.

У астатняй частцы прысуд Мінскага гарадскога суда застаўся ранейшым. Абвінавачаныя і пракурор на працягу трох гадоў могуць падаць скаргу ў наглядным парадку.

Разгляд па "справе сямнаццаці" вёўся дзевяць месяцаў. На лаве падсудных апынулася 17 абвінавачаных, у тым ліку два былыя супрацоўнікі КДБ і адзін — галоўнага ўпраўлення па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС.

У абвінавачванні адзначана, што злачынная група мела разгалінаваную наркасетку як у Беларусі, так і ў Расіі. Анлайн-магазін па продажы спачатку дазволеных, а затым забароненых рэчываў называўся LegalMinsk. Перыяд злачыннай дзейнасці — 2011—2014 гады.

Абвінавачаным ставілі ў віну ўчыненне васьмі злачынстваў: па чч. 1, 2, 3 арт. 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй); чч. 1, 3, 4 арт. 328 (незаконны абарот наркатычных, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў); ч. 1 арт. 328-1 (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу наркатычных, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў ці аналагаў); ч. 3 арт. 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць); ч. 3 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі); ч. 3 арт. 455 (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады); ч. 2 арт. 209 (махлярства); ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) Крымінальнага кодэкса.

Паводле даных следства, злачынны даход склаў каля 1,6 млн долараў. Абвінавачаныя з гэтай сумай не пагадзіліся. Адзначалася, што пры вобшуку ў іх не было выяўлена дарагой маёмасці і грашовых сродкаў, якія б пацвярджалі такі прыбытак. Пракурор Алег Буйлянкоў адмовіўся адказаць на пытанне БелаПАН, чым абгрунтаваная такая велізарная сума. "Я не буду тлумачыць, адкуль і з чаго, склалася такая сума. Гэта датычыцца абставінаў справы. Такія каментары недапушчальныя", — заявіў дзяржабвінаваўца.
Адар`я Гуштын, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН