Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/06/906469_906470/
Дата раздрукоўкі: 23.03.2019 11:26
06.06.2017 20:47 Грамадства

Следчыя органы Беларусі наладжваюць кантакты з ФБР

Мінск, 6 чэрвеня. У цэнтральным апараце Следчага камітэта Беларусі 6 чэрвеня адбылася рабочая сустрэча старшыні СК Івана Наскевіч з дэлегацыяй Федэральнага бюро расследаванняў ЗША.

Як паведамляе СК, пачынаючы сустрэчу, Наскевіч коратка азнаёміў амерыканскіх калег з функцыямі і задачамі Следчага камітэта Беларусі. Бакі абмяняліся думкамі аб практычных выніках рабочага візіту прадстаўнікоў ФБР у Беларусь.

У ходзе сустрэчы старшыня Следчага камітэта адзначыў важнасць міжнароднага супрацоўніцтва ў дзейнасці праваахоўных органаў дзвюх краін пры раскрыцці і расследаванні рознага роду злачынстваў, асабліва ў галіне высокіх тэхналогій. "У цяперашні час кіберзлачыннасць з'яўляецца сур'ёзнай міжнароднай праблемай, паколькі такія злачынствы ўчыняюцца, як правіла, транснацыянальнымі арганізаванымі групамі, члены якіх выкарыстоўваюць магчымасці інтэрнэту, лёгка перасякаюць віртуальныя межы паміж дзяржавамі", — адзначыў Наскевіч.

За перыяд дзейнасці Следчага камітэта Беларусі ў кампетэнтныя органы ЗША накіраваны 52 просьбы аб аказанні прававой дапамогі па крымінальных справах і арганізавана выкананне на тэрыторыі Беларусі "некалькіх просьбаў амерыканскіх следчых органаў", гаворыцца ў паведамленні СК.

Спецыяльны агент ФБР ЗША Джэфры Колінз канстатаваў, што следчыя спецыялізаванага падраздзялення Следчага камітэта Беларусі па расследаванні злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій маюць вялікі вопыт паспяховага ўдзелу ў міжнародных спецыяльных аперацыях, якія праводзяцца сумесна з ФБР ЗША ў рамках Інтэрпола і іншых міжнародных арганізацый, па супрацьдзеянні распаўсюджванню ў інтэрнэце дзіцячай парнаграфіі, выяўленні крадзяжоў з выкарыстаннем падробленых банкаўскіх пластыкавых карт, гандлі іх рэквізітамі, калі прычыненая шкода вылічаецца мільёнамі долараў ЗША.

Першы сакратар пасольства ЗША ў Мінску Моніка Бланд, якая ўдзельнічала ў сустрэчы, адзначыла, што разам з кіберзлачынствамі асаблівую заклапочанасць выклікаюць злачынствы ў сферы гандлю людзьмі, парушэнні правоў інтэлектуальнай уласнасці, арганізаваная злачыннасць. Гэта тыя злачынныя праявы, паводле яе слоў, у супрацьдзеянні якім амерыканскі і беларускі бакі маглі б больш цесна супрацоўнічаць.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі магчымыя формы і метады ўмацавання двухбаковага ўзаемадзеяння ў крымінальна-прававой сферы дзейнасці Следчага камітэта Беларусі і Федэральнага бюро расследаванняў ЗША.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН