Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/06/906474_906475/
Дата раздрукоўкі: 21.03.2019 18:27
06.06.2017 21:22 Грамадства, Эканоміка

Больш за 50 байдарачнікаў Беларусі выступілі ў абарону Прыпяці ў сувязі з планамі рэалізацыі праекта воднага шляху Е40

Мінск, 6 чэрвеня. Больш за 50 байдарачнікаў Беларусі выступілі ў абарону Прыпяці ў сувязі з планамі рэалізацыі праекта воднага шляху Е40.

Е40 — гэта праект суднаходнага маршруту даўжынёй больш як 2.000 кіламетраў. Ён будзе праходзіць па тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Украіны. Мяркуецца, што водны шлях стане новым гандлёвым шляхам паміж партамі Балтыйскага і Чорнага мораў.

4 і 5 чэрвеня на тэрыторыі Палесся прайшла акцыя "Прыпяць, дай пяць!", прымеркаваная да Сусветнага дня навакольнага асяроддзя. Байдарачнікі Беларусі разам з таварыствам "Зялёная сетка", грамадскімі арганізацыямі "Багна" і "Ахова птушак Бацькаўшчыны" правялі маштабны сплаў на байдарках па Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці.

Як паведамляюць арганізатары акцыі, яе ўдзельнікі хацелі звярнуць увагу ўладаў, СМІ, а таксама мясцовых жыхароў на пагрозу для прыроды Палесся і праблемы, з якімі яны могуць сутыкнуцца ў сувязі з рэалізацыяй праекта воднага шляху Е40.

У акцыі прыняло ўдзел больш за 50 чалавек: актывісты, журналісты, а таксама байдарачнікі-турысты з Гомеля і Мінска. Сплаў праходзіў па рэках Случ і Прыпяць, а завяршыўся ў Тураве.

"Рэгуляваныя вадаёмы, будаўніцтва якіх прадугледжвае Е40, цалкам зменяць навакольную экасістэму Палесся. Мы рызыкуем страціць розныя віды жывёл, рыб, насякомых, птушак, каштоўных не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету. Паводкі на рацэ Прыпяць ствараюць умовы той прыроднай разнастайнасці, якую мы тут бачым. Варта шукаць альтэрнатыўныя шляхі развіцця воднага шляху Е40 з улікам захавання мясцовых ландшафтаў і балот. У Беларусі, на жаль, мала рэк для байдарачных сплаваў, многія змялелі і непрыдатныя для воднага турызму. У гэтай сітуацыі, на жаль, актыўны турызм па Прыпяці апынецца пад пытаннем", — адзначыў адзін з удзельнікаў сплаву, кіраўнік "Клуба падарожжаў" Гомельскага аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства Раман Хлебін.

Паводле інфармацыі абаронцаў прыроды, зараз лабісты воднага шляху Е40 шукаюць дадатковае фінансаванне на дэталёвую распрацоўку праекта. На першасныя дакументы — тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне — ужо выдаткавана больш за 900 тыс. еўра. Арганізатары прыродаахоўнай акцыі заклікаюць своечасова спыніцца і не марнаваць мільёны еўра на далейшую прапрацоўку праекта, які нясе ў сабе небяспеку для прыроды Беларусі. Планаванае выпростванне рэчышча ракі, будаўніцтва плацін і шлюзаў, змяненне воднага рэжыму Прыпяці — усё гэта непазбежна паўплывае на экасістэму рэгіёну.

"Мы ўжо другі год вывучаем праект воднага шляху Е40. Калі першапачаткова сачылі за тым, што ж ён з сябе ўяўляе, то цяпер, калі пагроза стала больш відавочнай, сталі баяцца, што праект у нейкі момант зможа рэалізавацца. Гэта як у савецкія часы асушвалі ўсё і ўсюды, а калі сталі праяўляцца негатыўныя наступствы, адумаліся, і цяпер ўкладваюць мільёны на аднаўленне згубленых экасістэм. Для нас Е40 — гэта праект таго ж "цеста", бомба запаволенага дзеяння, якая падаецца ў прыгожай абгортцы, але тоіць у сабе пагрозу для ўсяго жывога, у тым ліку і для чалавека. Ці трэба нам гэта, ці жадаюць гэтага будаўніцтва мясцовыя жыхары Палесся, Прыпяці, ці пытаецца ў іх хто-небудзь?" — каментуе намеснік старшыні грамадскай арганізацыі "Багна" Канстанцін Чыкалаў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН