Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/06/eu_eu_906457_906458/
Дата раздрукоўкі: 23.03.2019 11:44
06.06.2017 19:59 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

МЗС Беларусі запатрабавала ад пасла Літвы тлумачэнняў у сувязі з выказваннямі Грыбаўскайтэ

Мінск, 6 чэрвеня. 6 чэрвеня ў сувязі з выказваннямі прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі Далі Грыбаўскайтэ ў інтэрв`ю тэлекампаніі LRT у МЗС Беларусі быў выкліканы пасол Літвы.
"Падчас сустрэчы беларускі бок запатрабаваў тлумачэнняў у сувязі з абвінавачаннямі Беларусі ў пагрозе для краін Балтыі і Польшчы, якія прагучалі з вуснаў кіраўніка літоўскай дзяржавы", — гаворыцца ў паведамленні беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Як падкрэслівае МЗС, "асабліва было адзначана, што выкарыстаная прэзідэнтам Літвы лексіка, уключаючы словы "агрэсіўныя гульні", з`яўляецца абразай для нашай краіны, якая вядзе міралюбівую палітыку, уносіць рэальны і агульнапрызнаны ўклад у справу ўмацавання бяспекі нашага рэгіёну".

Такія заявы робяцца не для ўмацавання бяспекі ў рэгіёне, а каб павысіць сваю пазнавальнасць сярод партнёраў па НАТА і папулярнасць у выбаршчыкаў, лічаць у беларускім МЗС.

"Вельмі дзіўна, што такая рыторыка гучыць з вуснаў прэзідэнта краіны, дружалюбныя адносіны з якой змацаваныя беларуска-літоўскім Дагаворам аб добрасуседстве і супрацоўніцтве, падпісаным і дзейным ужо больш за 20 гадоў. Увага пасла Літвы была асабліва звернута на тое, што ключавое слова ў гэтым дагаворы —добрасуседства, бо суседзяў, як вядома, не выбіраюць — іх дае Бог", — падкрэсліваецца ў паведамленні.

5 чэрвеня ў інтэрв`ю тэлекампаніі LRT перад сваім візітам у Эстонію Грыбаўскайтэ выказала меркаванне, што мілітарызацыя Калінінградскай вобласці, суседства з Беларуссю і Расіяй і выкарыстанне беларускай тэрыторыі для "агрэсіўных гульняў, накіраваных супраць Захаду", — выклікі і пагрозы, якія стаяць сёння перад Літвой.

"Эстонія, як і Латвія, а таксама Польшча для нас вельмі важныя, бо гэта ўсходняя мяжа НАТА, таму выклікі і пагрозы — тыя ж. Гэта — знаходжанне Расіі і Беларусі каля нашых усходніх межаў. Вядома, гэта і мілітарызацыя, якую мы назіраем у Калінінградзе, выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для розных эксперыментаў і агрэсіўных гульняў, накіраваных супраць Захаду. Сярод іх — і ваенныя вучэнні, якія  маюць адбыцца", — адзначыла Грыбаўскайтэ.

Беларуска-расійскія вучэнні "Захад-2017" пройдуць на тэрыторыі Беларусі і Расіі ў верасні. Тэмай вучэнняў названая падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў (сіл) у інтарэсах арганізацыі ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы.

Трывогу з нагоды вучэнняў, што маюць адбыцца, неаднаразова выказвалі палітыкі з суседніх дзяржаў. На іх думку, Расія можа выкарыстаць Беларусь як плацдарм для ўварвання на тэрыторыю сумежных дзяржаў.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў аб безгрунтоўнасці такой асцярогі. Так, 3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ і грамадскасці Лукашэнка адзначыў, што гэта ён прапанаваў Уладзіміру Пуціну праводзіць сумесныя ваенныя вучэнні раз у два гады па чарзе ў Расіі і Беларусі. "Надышоў наш час, і мы прымем гэтыя вучэнні. Гэта будуць адкрытыя вучэнні, мы запросім усіх", — запэўніў кіраўнік дзяржавы. "Калі хто-небудзь думае, што ўжо некалькі тысяч вагонаў загрузілі і нас акупуюць, Расія ўводзіць сюды свае войскі, — не будзьце вы наіўнымі. <...> Тое, што будуць войскі сюды ўведзеныя, то роўненька яны адсюль і сыдуць. Сёння нават не агаворваецца такой сітуацыі", — падкрэсліў Лукашэнка.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН