Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/07/906487_12345/
Дата раздрукоўкі: 02.10.2020 01:27
07.06.2017 09:33 Эканоміка

МНС Расіі вывучыць прапановы беларускіх вытворцаў пажарна-ратавальнай тэхнікі, абсталявання і беспілотнікаў

Мінск, 7 чэрвеня. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Расійскай Федэрацыі вывучыць прапановы беларускіх вытворцаў пажарна-выратавальнай тэхнікі, абсталявання і беспілотных лятальных апаратаў. Пра гэта заявіў кіраўнік МНС Расіі Уладзімір Пучкоў 6 чэрвеня ў Маскве на сустрэчы з міністрам па надзвычайных сітуацыях Беларусі Уладзімірам Вашчанкам.

"Створана рабочая група, якая вывучыць прапановы беларускіх вытворцаў пажарна-выратавальнай тэхнікі, абсталявання для сістэм кіравання, тэлекамунікацый, а таксама беспілотнай авіяцыі, экіпіроўкі і рыштунку", — прыводзіць словы Пучкова прэс-служба МНС Расіі. Ён дадаў, што па выніках яе працы будуць падрыхтаваныя прапановы па закупках у адпаведнасці з заканадаўствам РФ.

"Для надзвычайных службаў абедзвюх краін важна, каб у рамках двухбаковага супрацоўніцтва мы фармавалі канкурэнтнае асяроддзе для працы прадпрыемстваў, каб усё тое, што паступае на аснашчэнне нашых службаў, было лепшым за сусветныя стандарты па суадносінах кошту — якасці", — адзначыў Пучкоў.

У сваю чаргу Уладзімір Вашчанка паведаміў, што вытворцы дасягнулі дамоўленасці аб узаемнай пастаўцы камплектуючых для тэхнікі расійскіх і беларускіх арганізацый.

Падчас сустрэчы Уладзімір Пучкоў пацвердзіў планы правядзення сёлета на тэрыторыі Расіі і Беларусі сумесных вучэнняў па адпрацоўцы дзеянняў надзвычайных ведамстваў у выпадку аварый на атамных электрастанцыях. "МНС Расіі мае намер працягнуць практыку сумесных вучэнняў, якія плануецца правесці ў Расіі на Растоўскай АЭС у верасні гэтага года, а ў кастрычніку — на тэрыторыі Беларусі", — цытуе Пучкова прэс-служба МНС Расіі.

Расійскі міністр выказаў зацікаўленасць у паглыбленні супрацоўніцтва па пытаннях маніторынгу надзвычайных сітуацый, у тым ліку на прыгранічных тэрыторыях.

Таксама кіраўнік ведамства сказаў, што супрацоўнікі міністэрства заўсёды гатовы падзяліцца з беларускімі калегамі наяўным досведам і ўсёй неабходнай інфармацыяй. Адзін з прыкладаў такой работы — навучальны трэнінг для спецыялістаў МНС Беларусі па пытаннях удасканалення маніторынгу і прагназавання надзвычайных сітуацый, які прайшоў на базе Усерасійскага цэнтра маніторынгу і прагназавання НС "Антыстыхія" сёлета ў маі.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239