Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/07/906496_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:59
07.06.2017 10:33 Эканоміка, Фінансы

Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 чэрвеня перавысілі 5,2 млрд долараў

Мінск, 7 чэрвеня. Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў вызначэнні стандарту МВФ на 1 чэрвеня 2017 года, паводле папярэдніх даных, склалі 5 млрд 238,9 млн долараў ЗША (у эквіваленце), сведчаць даныя Нацыянальнага банка.

За май 2017 года золатавалютныя рэзервы павялічыліся на 130,2 млн долараў (на 2,5%) пасля росту ў красавіку на 92,6 млн долараў (на 1,8%). Па выніках студзеня—мая прырост рэзерваў склаў 311,7 млн долараў (6,3%).

Як растлумачылі ў Нацыянальным банку, павелічэнню золатавалютных рэзерваў у маі спрыялі паступленне сродкаў ад продажу аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, купля Нацбанкам замежнай валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы, паступленні ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, а таксама павелічэнне кошту манетарнага золата.

Дынаміку рэзерваў стрымлівала планавае пагашэнне ўрадам і Нацыянальным банкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце.

У нацыянальным вызначэнні аб'ём золатавалютных рэзерваў на 1 чэрвеня склаў 5 млрд 604,1 млн долараў ЗША, знізіўшыся за май на 68,4 млн долараў (на 1,2%) пасля росту ў красавіку на 263,4 млн долараў (на 4,9%). За студзень—май рэзервы ў нацыянальным вызначэнні выраслі на 419,1 млн долараў (на 8,1%).

Нагадаем, у 2016 годзе золатавалютныя рэзервы Беларусі па стандартах МВФ павялічыліся на 751,4 млн долараў (на 18%) да 4 млрд 927,2 млн долараў ЗША ў эквіваленце на 1 студзеня 2017 года.

Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год прадугледжаны рост золатавалютных рэзерваў не менш чым на 500 млн долараў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН