Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/07/906513_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.09.2020 02:05
07.06.2017 11:40 Эканоміка

"Слаўкалій" укладзе ў будаўніцтва Нежынскага горна-ўзбагачальнага комплекса ў Беларусі 600 млн долараў

Мінск, 7 чэрвеня. Расійская прамыслова-фінансавая група "Сафмар", у структуру якой уваходзіць ЗТАА "Слаўкалій", мае намер укласці ў будаўніцтва Нежынскага горна-ўзбагачальнага комплексу ў Беларусі 600 млн долараў. Пра гэта ў інтэрв`ю РБК паведаміў заснавальнік групы Міхаіл Гуцарыеў.

"Так, мы ў Беларусі актыўныя, будуем велізарны бізнес з Божай дапамогай і па распараджэнні кіраўніка Беларусі і беларускага ўрада. У нас ёсць радовішча з запасамі каля 3 млрд тон калію. Мы прыцягнулі інвестара, Кітайскі банк развіцця выдзеліў нам крэдытную лінію на 1,44 млрд долараў на 14 гадоў са стаўкай 4% гадавых. мы інвестуем, на 85% гэта кітайскія інвестыцыі, на 15% — нашы. Ад агульнай сумы кантракта ў 2 млрд долараў мы павінны пакласці сваю частку (300 млн долараў) і выплачваць ўсе працэнты. атрымліваецца, што дзесьці 600 млн долараў — гэта мы, а 1,4 млрд долараў — гэта кітайскі ўрад", — адзначыў Гуцарыеў.

Паводле яго слоў, у будаўніцтве занятая нямецкая кампанія Herrenknecht "разам з яшчэ адной нямецкай кампаніяй", спецыялісты пачалі ўзводзіць шахту. "Гэта ўжо не буравыбуховы метад з узрыўчаткай, якім сёння, на жаль, дагэтуль карыстаюцца ў нас у Расіі, а сучасныя тэхналогіі. Мы выкарыстоўваем 40-метровае долата, якое ўжо апрабаванае ў Канадзе. Мы непасрэдна лёталі ў Канаду, я працаваў на гэтым аб`екце, спускаўся на 800 м туды, у апраметную. Нам гэта спадабалася, гэта новая тэхналогія XXI стагоддзя! Яны праходзяць за адзін дзень 3 метры", — расказаў бізнесмен.

Гуцарыеў выказаў надзею, што ўладкаванне радовішча зойме тры гады, а на працягу чатырох гадоў аб`ект будзе цалкам завершаны. "У нас будзе добрая калійная вытворчасць, высокарэнтабельная, з нізкімі выдаткамі і невялікай крэдытнай нагрузкай. Пры такім крэдытаванні аб`ём вытворчасці несувымерна вышэйшы, чым ва ўсіх іншых дзейных калійных кампаній", — заявіў ён.

Будаўніцтва Нежынскага горна-ўзбагачальнага комплексу ў Любанскім раёне Мінскай вобласці пачалося ў верасні 2015 года. На цырымоніі пачатку будаўніцтва Аляксандр Лукашэнка заявіў аб тым, што ў перспектыве гэта дазволіць нарасціць вытворчасць калійных угнаенняў у Беларусі да 14 млн тон за год. Мяркуецца, што тут будзе створана амаль 2 тыс. працоўных месцаў. У працэсе ўзвядзення комплексу прадугледжана магчымасць газіфікацыі 21 населенага пункта Любанскага раёна, будзе пабудаваная чыгуначная станцыя і 37 км чыгункі, рэканструяваны Любанскі водазабор і ачышчальныя збудаванні.

У чэрвені 2016 года Банк развіцця Кітая падпісаў з "Беларусбанкам" крэдытнае пагадненне аб выдзяленні 1,4 млрд долараў на будаўніцтва камбіната калійных угнаенняў.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239