Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/07/906535_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 20:57
07.06.2017 13:12 Эканоміка, Фінансы

Кабякоў абмеркаваў эканамічную сітуацыю ў Беларусі з місіяй МВФ

Мінск, 7 чэрвеня. Эканамічная сітуацыя ў Беларусі, а таксама актуальныя пытанні ўзаемадзеяння краіны з Міжнародным валютным фондам абмяркоўваліся 7 чэрвеня ў Мінску на сустрэчы прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова з прадстаўнікамі місіі МВФ.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, абмяркоўваўся, у прыватнасці, ход падрыхтоўкі да штогадовых кансультацый па артыкуле IV (што ўключаюць штогадовы агляд эканомікі. — БелаПАН.), якія адбудуцца ўвосень 2017 года.

Місія МВФ на чале з Пітэрам Долманам працуе ў Мінску з 5 па 12 чэрвеня. Эксперты фонду абмяркуюць з прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання макраэканамічную сітуацыю ў краіне і правядуць падрыхтоўчую работу напярэдадні штогадовай місіі МВФ, запланаванай на восень.

Беларускія ўлады вядуць перамовы аб атрыманні новага крэдыту МВФ на 3 млрд долараў прыкладна пад 2,3% на 10 гадоў.

Выступаючы 21 красавіка ў парламенце, Лукашэнка даў зразумець, што беларускі бок не падзяляе рэкамендацыі МВФ па шэрагу ключавых пытанняў, якія тычацца, у прыватнасці, жыллёва-камунальнай сферы і працы дзяржпрадпрыемстваў. Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю працягваць кантраляваць цэны, нягледзячы на рэкамендацыі МВФ, якія тычацца лібералізацыі цэнаўтварэння.

Паводле прагнозаў экспертаў, новая крэдытная праграма з МВФ не будзе падпісаная найбліжэйшым час, бо рэфармаванне дзяржсектара, на якім настойвае валютны фонд, да гэтага часу не пачалося. Гэтаму, на іх думку, садзейнічала заключэнне нафтагазавых дамоўленасцяў з Расіяй, што спрыяльна адбіваецца на эканамічнай сітуацыі ў краіне. Аналітыкі лічаць, што гатоўнасць Беларусі прымаць ўмовы МВФ можа ўзрасці пад канец года, калі трэба будзе шукаць грошы на пагашэнне дзяржаўнага доўгу ў наступным годзе, і ўладам давядзецца шукаць альтэрнатыўныя крыніцы фінансавання.

Нагадаем, паводле даных агенцтва Fitch Ratings, у 2017-м выплаты Беларусі па знешнім дзярждоўгу складаюць 1,8 млрд долараў, у 2018-м — 2,8 млрд долараў.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН