Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/08/906695_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 17:06
08.06.2017 11:45 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка накіраваўся ў Казахстан на саміт ШАС

Мінск, 8 чэрвеня. Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з рабочым візітам у Казахстан, дзе возьме ўдзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (8—9 чэрвеня), паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

На саміце Лукашэнка прадставіць пазіцыю беларускага боку па пытаннях далейшага развіцця арганізацыі, у тым ліку яе эканамічнага вымярэння, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Ён таксама возьме ўдзел у цырымоніі адкрыцця міжнароднай спецыялізаванай выставы "ЭКСПА-2017" у Астане, дзе прадстаўлены беларускі павільён. Афіцыйна свой удзел у выставе пацвердзілі больш за 110 краін і каля 20 міжнародных арганізацый.

Акрамя таго, запланаваная двухбаковая сустрэча Лукашэнкі з прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым. Бакі абмяркуюць парадак дня беларуска-казахстанскіх адносін, узаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах.

Беларусь атрымала статус назіральніка ў ШАС 10 ліпеня 2015 года на саміце арганізацыі ва Уфе. Да гэтага на працягу пяці гадоў краіна мела ў арганізацыі статус партнёра па дыялогу.

Членамі ШАС з'яўляюцца Казахстан, Кыргызстан, Кітай, Расія, Таджыкістан і Узбекістан, назіральнікамі акрамя Беларусі — Афганістан, Індыя, Іран, Манголія і Пакістан.

ШАС — пастаянна дзейнае рэгіянальнае міжнароднае аб'яднанне, аб стварэнні якога было абвешчана 15 чэрвеня 2001 года ў Шанхаі. Прыярытэтныя напрамкі дзейнасці ШАС — сумеснае процідзеянне тэрарызму, экстрэмізму, развіццё супрацоўніцтва ў энергетычнай, нафтагазавай, транспартнай, тэлекамунікацыйнай і іншых галінах. Агульная колькасць насельніцтва краін ШАС — каля 1,6 млрд чалавек, сукупны валавы ўнутраны прадукт — больш за 11 трлн долараў ЗША.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН