Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/08/906777_123456/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 01:35
08.06.2017 16:38 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка перадаў Назарбаеву копіі дакументаў з архіва КДБ для мемарыяла ахвяр палітычных рэпрэсій

Мінск, 8 чэрвеня. Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца з візітам у Казахстане, 8 чэрвеня перадаў прэзідэнту Нурсултану Назарбаеву копіі архіўных дакументаў, выяўленых органамі дзяржбяспекі Беларусі ў адносінах да жанчын, асуджаных у БССР у канцы 1930-х гадоў па палітычных матывах і этапаваных у лагер на тэрыторыі Казахстана.

Дакументы прызначаныя для Музейна-мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр палітычных рэпрэсіяў і таталітарызму, які размешчаны на месцы найбуйнейшага савецкага жаночага лагера — Акмалінскага спецаддзялення Карлага НКВД СССР, вядомага як Акмалінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы (Алжыр), паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Як растлумачылі ў КДБ Беларусі, супрацоўнікамі органаў дзяржбяспекі на пастаяннай аснове вядзецца праца па навуковай распрацоўцы архіўных дакументаў. "Падчас карпатлівай работы выяўлены і вывучаны матэрыялы архіўных крымінальных спраў у дачыненні да 63 жанчын — жонак рэпрэсаваных у 1937 годзе прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Асуджаныя па палітычных матывах жанчыны былі этапаваныя ў лагер Алжыр з БССР", — адзначылі ў ведамстве.

У прыватнасці, у лагер этапавалі жонку рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага Яніну Германовіч. Тут жа першыя гады жыцця правяла яе дачка Мая Кляшторная.

Падкрэсліваецца, што "названыя матэрыялы ўнікальныя і ўяўляюць сабой не толькі навуковую і гістарычную каштоўнасць, але і з`яўляюцца часткай гісторыі канкрэтнага чалавека, сям`і". "Такім чынам, з`яўляецца магчымасць дапамагчы сваякам, якія пацярпелі ў гады масавых палітычных рэпрэсій, аднавіць асобныя старонкі гісторыі сваёй сям`і", — лічаць у КДБ.

Комплекс памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і таталітарызму адкрыты ў 2007 годзе па ініцыятыве Назарбаева.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН