Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/08/eu_eu_906819_906820/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 00:43
08.06.2017 18:15 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

МЗС Беларусі заклікае Літву ўстрымлівацца ад эмоцый у міждзяржаўных адносінах

Мінск, 8 чэрвеня. МЗС Беларусі заклікае Літву ўстрымлівацца ад эмоцый у міждзяржаўных адносінах. Пра гэта заявіў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык 8 чэрвеня на брыфінгу ў Мінску.
Каментуючы выклік у МЗС літоўскага пасла Андруса Пулакаса ў сувязі з рэзкімі выказваннямі прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ, Мірончык сказаў: "У класічным разуменні дыпламатычных канонаў афіцыйнай заявы, па сутнасці заявы прэзідэнта Літвы (пасля выкліку пасла. — БелаПАН.), мы пакуль не атрымалі. Учарашнія выказванні спадара Лінкявічуса (міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. — БелаПАН.), магчыма, літоўскі бок лічыць такімі тлумачэннямі. Так, яны ў цэлым значна больш збалансаваныя і вытрыманыя".

Мірончык адмовіўся каментаваць сённяшнія выказванні Грыбаўскайтэ пра тое, што БелАЭС уяўляе сабой геапалітычную зброю, адзначыўшы, што "эмоцыі не павінны дамінаваць у такой далікатнай сферы, як міждзяржаўныя адносіны".

Гаворачы аб нядаўна прынятым у Літве законе, які абвяшчае Беларускую АЭС пагрозай літоўскай нацыянальнай бяспецы, Мірончык падкрэсліў: "Давайце паглядзім на гэты закон, прааналізуем яго палажэнні. Калі рэакцыя спатрэбіцца — адрэагуем".

Паводле яго слоў, Беларусь неаднаразова заяўляла, што АЭС з'яўляецца беларускім нацыянальным праектам, які будуецца ў першую чаргу для ўнутраных патрэб.

"Калі нашы суседзі, не чакаючы заканчэння будаўніцтва, прымаюць законы, робяць эмацыйныя заявы, давайце трошкі супакоімся, будзем спакайней глядзець на рэчы, спакайней іх успрымаць. І не будзем каментаваць кожную прэтэнзію, у тым ліку калі гэтай прэтэнзіі нададзена форма закона", — сказаў Мірончык.

Ён заклікаў звярнуць увагу на "даволі забаўную храналогію" пры арганізацыі візіту на пляцоўку БелАЭС замежных дыпламатаў. "Мы запрасілі кіраўнікоў дыпламатычных місій, акрэдытаваных як у Мінску, так і ў Вільнюсе. Зрабілі гэта за некалькі тыдняў, былі гатовыя ўсім паказаць усё і паказалі, — адзначыў Мірончык. — За некалькі дзён да нашага мерапрыемства літоўскае МЗС разаслала усім паслам, акрэдытаваным у Вільнюсе, запрашэнне на сваё мерапрыемства ў той жа час і на тую ж тэму, але па іншы бок мяжы. Учора быў абнародаваны даклад SEED-місіі МАГАТЭ. Азнаёмцеся з яго зместам, прачытайце да канца без эмоцый. Паралельна з гэтым агучваюцца эмацыйныя заявы пра пагрозу нацыянальнай бяспецы і прымаюцца гучныя законы. Супадзенне?"

5 чэрвеня ў інтэрв'ю тэлекампаніі LRT перад сваім візітам у Эстонію Грыбаўскайтэ выказала меркаванне, што мілітарызацыя Калінінградскай вобласці, суседства з Беларуссю і Расіяй і выкарыстанне беларускай тэрыторыі для "агрэсіўных гульняў, накіраваных супраць Захаду", — выклікі і пагрозы, якія стаяць сёння перад Літвой.

Увечары 6 чэрвеня ў МЗС Беларусі быў выкліканы літоўскі пасол. "Падчас сустрэчы беларускі бок запатрабаваў тлумачэнняў у сувязі з абвінавачаннямі Беларусі ў пагрозе для краін Балтыі і Польшчы, якія прагучалі з вуснаў кіраўніка літоўскай дзяржавы", — гаварылася ў паведамленні беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Як падкрэслівае МЗС, "асабліва было адзначана, што выкарыстаная прэзідэнтам Літвы лексіка, уключаючы словы "агрэсіўныя гульні", з'яўляецца абразай для нашай краіны, якая вядзе міралюбівую палітыку, што ўносіць рэальны і агульнапрызнаны ўклад у справу ўмацавання бяспекі нашага рэгіёну".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН