Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/09/906915_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.03.2019 18:43
09.06.2017 11:04 Грамадства

Мурад Амрыеў перададзены расійскаму боку

Гомель, 9 чэрвеня. Затрыманы ў Беларусі чэмпіён свету па змяшаных адзінаборствах, грамадзянін Расіі, ураджэнец Чачні Мурад Амрыеў перададзены расійскаму боку. Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Юрый Пількевіч, гэта адбылося ўвечары 8 чэрвеня. Абставіны перадачы ва УУС не каментуюць.
Як паведамлялася раней, вечарам 8 чэрвеня Амрыева вывезлі з Добрушскага РАУС, дзе ён правёў каля сутак, і на вялікай хуткасці з мігалкамі павезлі ў бок расійскай мяжы. Да затрыманага не дапусцілі ні расійскага, ні беларускага адвакатаў.

Расійскі спартсмен апошнім часам жыў у Кіеве, выступаючы на міжнародных спаборніцтвах пад украінскім сцягам. 4 чэрвеня ён адправіўся з Кіева ў Маскву па новую візу, але на мяжы Расіі і Украіны быў затрыманы. Аказалася, што Амрыеў знаходзіцца ў федэральным вышуку за выкарыстанне падробленых дакументаў, аднак паводле звестак расійскай грамадскай арганізацыі "Камітэт па прадухіленні катаванняў", нагодай для гэтага стала памылка друку ў яго пашпарце.

4 чэрвеня спартсмен быў зняты з цягніка і затрыманы паліцэйскімі ў Бранскай вобласці. У Бранск нібыта прыбыла група захопу з Чачні, якая павінна была этапаваць Амрыева ў гэтую рэспубліку. Будынак бранскай пракуратуры быў блакаваны, як мяркуецца, супрацоўнікамі чачэнскіх праваахоўных органаў, аднак спартсмен здолеў з яго выйсці і збегчы.

7 чэрвеня Амрыеў быў затрыманы беларускімі памежнікамі ў пункце пропуску "Весялоўка" пры спробе выезду на аўтамабілі "Таёта" з Беларусі ва Украіну, пасля чаго яго перадалі супрацоўнікам Добрушскага РАУС.

Паводле звестак расійскай "Новай газеты", у 2013 годзе Амрыеў распавёў праваабаронцам пра катаванні ў дачыненні да яго ў адным з аддзяленняў МУС Грознага. Паводле слоў спартсмена, такім чынам паліцэйскія спрабавалі прымусіць яго старэйшага брата вярнуцца з Германіі ў Чачню.

Праваабарончая арганізацыя Freedom House заклікала ўлады Беларусі не экстрадаваць Амрыева ў Расію.
Алена Германовіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН