Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/09/906926_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.02.2020 05:38
09.06.2017 11:56 Эканоміка

Рассельгаснагляд увёў узмоцнены лабараторны кантроль у адносінах да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў

Мінск, 9 чэрвеня. Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) увяла ўзмоцнены кантроль у дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў з-за неадпаведнасці нормам прадукцыі жывёльнага паходжання, якая паступіла з Беларусі ў Расію, паведаміла прэс-служба ведамства.

Так, у мясе птушкі ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі" выяўленыя бактэрыі роду сальманела і лістэрыі. У прадукцыі філіяла ААТ "Агракамбінат "Скідзельскі" "Мастоўскі кумпячок" выяўленыя лістэрыі; ААТ "Гомельскі мясакамбінат" — незаяўленыя ДНК у гатовых мясных вырабах; у сухім абястлушчаным малацэ ААТ "Лунінецкі малочны завод" выяўленая наяўнасць рэшткаў антыбіётыкаў (афлаксацына, тылазіна); у сухой малочнай сыроватцы ААТ "Малочны свет" — рэшткі лінкаміцына. У мясе ялавічыны ЗАТ "Партнёр і К" выяўленыя лістэрыі. У сухой малочнай сыроватцы вытворчасці ТАА "Праймілк" знойдзеныя рэшткі нарфлаксацына, лінкаміцына, цыпрафлаксацына; у сухім малацэ Клецкага філіяла ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат" — рэшткі нарфлаксацына і цыпрафлаксацына; Любанскага філіяла ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат" — рэшткі тылазіна.

Як раней паведамлялася, з 15 мая Рассельгаснагляд увёў рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю ў дачыненні да дзевяці беларускіх малочных прадпрыемстваў і часова абмежаваў пастаўкі прадукцыі яшчэ з сямі. Усяго, паводле даных расійскага ведамства, пад рознага кшталту абмежаваннямі знаходзяцца больш за 30 беларускіх прадпрыемстваў. У красавіку і маі дзве групы прадстаўнікоў ведамства інспектавалі прадпрыемства ў розных рэгіёнах Беларусі, у выніку былі дазволеныя пастаўкі прадукцыі двух з іх.

25 мая кіраўнік Рассельгаснагляда Сяргей Данкверт заявіў, што ў беларускай прадукцыі выяўленыя рэшткі антыбіётыкаў для лячэння венерычных захворванняў у кароў. У адказ на гэта намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксандр Субоцін 26 мая паведаміў, што Мінсельгасхарч праводзіць інтэнсіўную працу, "каб звесці да мінімуму выкарыстанне антыбіётыкаў".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН