Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/09/906937_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 16:33
09.06.2017 12:16 Палітыка

У Астане адкрыўся саміт ШАС, на якім чакаецца выступленне Лукашэнкі

Мінск, 9 чэрвеня. У Астане 9 чэрвеня адкрыўся саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), на якім Аляксандр Лукашэнка прадставіць пазіцыю Беларусі па пытаннях далейшага развіцця гэтай арганізацыі.

Адкрываючы сустрэчу кіраўнікоў дзяржаў ШАС у вузкім складзе, прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў адзначыў, што сёлета арганізацыі спаўняецца 16 гадоў. "У такіх момантах ўспамінаецца гісторыя, калі пасля таго, як пяць дзяржаў вырашылі праблему межаў з Кітайскай Народнай Рэспублікай і расставаліся пасля падпісання, мы з тагачасным старшынёй Кітая, спадаром Цзян Цзэмінем удваіх прапанавалі: давайце не будзем разыходзіцца пасля падпісання межаў, а арганізуем эканамічнае супрацоўніцтва. Так паўстала ШАС", — расказаў Назарбаеў.

З тых часоў, паводле яго слоў, арганізацыя атрымала міжнароднае прызнанне, стала эфектыўнай пляцоўкай шматпрофільнага ўзаемадзеяння, сфарміраваная салідная дагаворна-прававая база, узмацняецца рэгіянальнае і глабальнае значэнне.

"На саміце ў Астане пачынаецца, можна сказаць, новая гісторыя нашай арганізацыі. Цяперашняе пасяджэнне ў апошні раз праходзіць у шасцібаковым фармаце. Сёння мы дамовіліся падпісаць рашэнне аб завяршэнні працэдуры прыёму і давання статусу дзяржавы — члена ШАС Рэспубліцы Індыя і Ісламскай Рэспубліцы Пакістан. Прыём новых членаў надасць новы магутны імпульс развіццю арганізацыі, будзе спрыяць росту яе міжнароднага аўтарытэту", — цытуе Назарбаева агенцтва Казинформ.

У саміце ўдзельнічаюць кіраўнікі дзяржаў ШАС: Нурсултан Назарбаеў (Казахастан), Сі Цзіньпін (КНР), Алмазбек Атамбаеў (Кыргызстан), Уладзімір Пуцін (Расія), Эмамалі Рахмон (Таджыкістан), Шаўкат Мірзіееў (Узбекістан).

У праграме візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Казахстан акрамя выступлення перад удзельнікамі сустрэчы запланаваная двухбаковая сустрэча з Нурсултанам Назарбаевым. "Бакі абмяркуюць парадак дня беларуска-казахстанскіх адносін, узаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах", — паведаміла напярэдадні прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Лукашэнка таксама возьме ўдзел у цырымоніі адкрыцця міжнароднай спецыялізаванай выставы "ЭКСПА-2017" у Астане, дзе прадстаўлены беларускі павільён. У выставе ўдзельнічаюць больш за 110 краін і каля 20 міжнародных арганізацый.

У ліпені 2015 года Беларусь атрымала ў ШАС статус назіральніка. Да гэтага на працягу пяці гадоў краіна мела ў арганізацыі статус партнёра па дыялогу.

Членамі ШАС з'яўляюцца Казахстан, Кыргызстан, Кітай, Расія, Таджыкістан і Узбекістан, назіральнікамі акрамя Беларусі — Афганістан, Індыя, Іран, Манголія і Пакістан.

ШАС — пастаянна дзейнае рэгіянальнае міжнароднае аб'яднанне, аб стварэнні якога было абвешчана 15 чэрвеня 2001 года ў Шанхаі. Прыярытэтныя напрамкі дзейнасці ШАС — сумеснае процідзеянне тэрарызму, экстрэмізму, развіццё супрацоўніцтва ў энергетычнай, нафтагазавай, транспартнай, тэлекамунікацыйнай і іншых галінах. Агульная колькасць насельніцтва краін ШАС — каля 1,6 млрд чалавек, сукупны валавы ўнутраны прадукт — больш за 11 трлн долараў ЗША.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН