Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/09/907114_907115/
Дата раздрукоўкі: 20.02.2020 05:33
09.06.2017 20:25 Грамадства

СК Расіі праверыць звесткі аб уцягванні ў секту пяцігадовага масквіча Яшы Зібарава, якога знайшлі ў Беларусі

Мінск, 9 чэрвеня. Старшыня Следчага камітэта РФ Аляксандр Бастрыкін даручыў праверыць інфармацыю аб уцягванні ў секту пяцігадовага Яшы Зібарава, якога год таму выкралі ў Маскве, а на днях знайшлі ў Беларусі.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік СК Расіі Святлана Пятрэнка, Бастрыкін даручыў праверыць факты, абнародаваныя ў эфіры аднаго з федэральных каналаў, па крымінальнай справе аб уцягванні маці малалетняга хлопчыка з Масквы ў псеўдарэлігійную секту. Паводле звестак СМІ, дзяцей, якія трапляюць пад уплыў кіраўніка секты, прымушаюць назіраць за здымкамі фільмаў для дарослых, а таксама прымаць удзел у дзеяннях сексуальнага характару. Паведамляецца таксама, што ў дачыненні да пяцігадовага дзіцяці ў секце мог прымяняцца гвалт.

"Аляксандр Бастрыкін даручыў Галоўнаму следчаму ўпраўленню СК Расіі па горадзе Маскве, у вытворчасці якога знаходзіцца крымінальная справа аб выкраданні дзіцяці, дадаткова вывучыць выкладзеныя ў СМІ факты, а таксама праверыць фігурантаў крымінальнай справы на дачыненне да іншых эпізодаў злачыннай дзейнасці, у тым ліку ў дачыненні да дзяцей. Старшыня СК Расіі таксама даручыў высветліць усе акалічнасці, якія маглі спрыяць учыненню гэтых злачынстваў, а таксама прыняць усе неабходныя меры, скіраваныя на больш хуткае вяртанне дзіцяці з Беларусі, дзе яно было знойдзена, у Расію", — адзначыла афіцыйны прадстаўнік СК Расіі.

Як паведамляў БелаПАН, пяцігадовы масквіч Якаў Зібараў, які з сакавіка 2016 года лічыўся зніклым без вестак і быў знойдзены 7 чэрвеня пад Магілёвам супрацоўнікамі міліцыі, змешчаны ў сацыяльны прытулак. Задача беларускага боку — атрымаць пацвярджэнне ад расійскіх органаў апекі, што яны гатовыя забраць Яшу, а таксама вызначыць парадак перадачы хлопчыка. Пры гэтым дзіця абяцаюць перадаць расійскаму боку ў "максімальна кароткія тэрміны".

Якаў Зібараў быў абвешчаны ў Расіі ў федэральны вышук. Паводле інфармацыі расійскіх СМІ, ён знік разам са сваёй 26-гадовай маці Анастасіяй Зібаравай. Бацькі жанчыны спрабавалі звязацца з дачкой, але тая адключыла тэлефон. Паводле слоў бацькоў, некалькі гадоў таму іх дачка трапіла ў "таталітарную рэлігійную групу".

У пачатку чэрвеня ў Бургасе (Балгарыя) быў затрыманы лідар гэтай рэлігійнай групы, грамадзянін Расіі 40-гадовы Сяргей Кірыенка. Яго падазравалі ў забойстве Яшы Зібарава, паведамляла расійскае Федэральнае агенцтва навін. Пра тое, што хлопчык жывы і ў хуткім часе будзе перавезены ў Расію, 6 чэрвеня паведаміла балгарскае інтэрнэт-выданне "Бургасінфо" са спасылкай на адну з паслядоўніц рэлігійнай групы Таццяну.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН