Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/09/eu_eu_907009_589647/
Дата раздрукоўкі: 26.05.2019 10:21
09.06.2017 17:34 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Дэпутаты парламентаў Беларусі і Латвіі абмяркоўваюць у Рызе пытанні ўзаемадзеяння ў межах рэгіянальных і міжнародных арганізацый

Мінск, 9 чэрвеня. Парламенцкая дэлегацыя Беларусі падчас візіту ў Латвію 8—9 чэрвеня абмяркоўвае стан і перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеянне ў межах рэгіянальных і міжнародных парламенцкіх арганізацый.

У склад беларускай дэлегацыі, паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў, увайшлі старшыня камісіі па міжнародных справах Валерый Варанецкі і намеснік старшыні камісіі па бюджэце і фінансах, намеснік кіраўніка рабочай групы па супрацоўніцтве з парламентам Латвіі Валерый Барадзеня.

Падчас візіту адбылася сустрэча беларускай дэлегацыі з намеснікам старшыні сейма Латвіі Гундарсам Даўдзе. Бакі адзначылі актывізацыю беларуска-латвійскага міжпарламенцкага супрацоўніцтва ў апошні час.

На сустрэчы са старшынямі камісіі сейма па замежных справах Ойярам Эрыкам Калніньшам і камісіі па еўрапейскіх справах Лалітай Чыгане быў закрануты шырокі спектр пытанняў двухбаковага парадку дня, уключаючы палітыку, бяспеку, гандаль, транспарт і транзіт, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, спорт і турызм. Беларускі бок выказаўся за наладжванне актыўнага ўзаемадзеяння паміж Еўрапейскім саюзам і Еўразійскім эканамічным саюзам у мэтах умацавання стабільнасці і бяспекі на кантыненце. Латвійскія парламентарыі запрошаныя наведаць Беларусь з візітам у адказ.

Падчас перамоў з дэпутатам сейма, кіраўніком латвійскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Эдвінсам Шнорэ абмеркаваны ўдзел парламентарыяў дзвюх краін у сесіі арганізацыі, якая пройдзе ў Мінску 5—9 ліпеня. У прыватнасці выказаная ўдзячнасць латвійскаму боку за падтрымку беларускага праекта рэзалюцыі "Распрацоўка своечасовых і эфектыўных заканадаўчых, нарматыўных, адміністрацыйных мер рэагавання на з'яўленне новых псіхаактыўных рэчываў".
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН