Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/10/907144_123456/
Дата раздрукоўкі: 01.10.2020 01:22
10.06.2017 13:11 Палітыка, Грамадства

Дастаўлены з Беларусі ў Чачню Мурад Амрыеў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе

Мінск, 10 чэрвеня. Чэмпіён свету па змешаных адзінаборствах, грамадзянін Расіі, ураджэнец Чачні Мурад Амрыеў, дастаўлены з Беларусі ў Грозны (Чачэнская Рэспубліка), сённяшняй ноччу вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.

"Адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Яго сустрэлі сястра і сябар бацькі", — паведамілі ТАСС у прэс-службе МУС па Чачэнскай Рэспубліцы. Чакаецца, што 10 чэрвеня ў Грозным пройдзе прэс-канферэнцыя, у якой прыме ўдзел Мурад Амрыеў.

Тым часам сваю заклапочанасць з нагоды бяспекі Мурада Амрыева выказалі ЗША.

"Мы вельмі непакоімся за бяспеку і дабрабыт Мурада Амрыева, расійскага спартсмена з Чачні, які, як паведамляецца, быў затрыманы беларускімі ўладамі і дастаўлены ў Расію, дзе ён можа апынуцца пад вартай", — гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамента ЗША. "Амрыеў, як адзначалася, выказваў апасенні ў сувязі з магчымымі катаваннямі і парушэннямі правоў у Чачні", — адзначаецца ў дакуменце.

Дзярждэпартамэнт лічыць, што РФ неабходна "забяспечыць Амрыеву доступ да адваката, гарантаваць павагу яго правоў у адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі Расіі", а таксама міжнароднымі прававымі нормамі.

Расійскі спартсмен апошнім часам жыў у Кіеве, выступаючы на міжнародных спаборніцтвах пад украінскім сцягам. 4 чэрвеня ён адправіўся ў Маскву па новую візу, але на мяжы Расіі і Украіны быў затрыманы. Аказалася, што Амрыеў знаходзіцца ў федэральным вышуку за выкарыстанне падробленых дакументаў. Аднак паводле даных расійскай грамадскай арганізацыі "Камітэт па прадухіленні катаванняў", нагодай для гэтага стала памылка друку ў яго пашпарце.

4 чэрвеня спартсмен быў зняты з цягніка і затрыманы паліцэйскімі ў Бранскай вобласці. У Бранск нібыта прыбыла група захопу з Чачні, якая павінна былі этапаваць Амрыева ў гэту рэспубліку. Будынак бранскай пракуратуры быў блакіраваны, як мяркуецца, супрацоўнікамі чачэнскіх праваахоўных органаў, аднак спартсмен здолеў з яго выйсці і збегчы.

7 чэрвеня Амрыеў быў затрыманы беларускімі памежнікамі ў пункце пропуску "Весялоўка" пры спробе выезду на аўтамабілі "Таёта" з Беларусі ва Украіну, пасля чаго перададзены супрацоўнікам Добрушскага РАУС.

Увечары 8 чэрвеня Амрыева перадалі расійскаму боку. Абставіны перадачы ва УУС Гомельскага аблвыканкама не каментуюць.

Паводле звестак расійскай "Новой газеты", у 2013 годзе Амрыеў расказаў праваабаронцам пра катаванні, якія ён зведаў у адным з аддзяленняў МУС Грознага. Паводле слоў спартсмена, такім чынам паліцэйскія спрабавалі прымусіць яго старэйшага брата вярнуцца з Германіі ў Чачню.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239