Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/10/eu_eu_907147_123456/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 20:45
10.06.2017 13:37 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Праваабаронца Волчак звяртае ўвагу прадстаўнікоў ЗША, Еўрасаюза і ААН на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі

Мінск, 10 чэрвеня. Беларускія ўлады не робяць ніякіх захадаў для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў адкрытым звароце праваабаронцы Алег Волчака да часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Роберта Райлі, кіраўніка прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын і спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаша Харасці.

Беларускія ўлады, адзначаецца ў звароце, "толькі дэкларуюць, што гатовыя да абмеркавання з ЗША і ЕС канкрэтных праграм па сумесным супрацоўніцтве ў галіне правоў чалавека". "Апошнія тры месяцы суды незаконна асуджаюць да арышту праваабаронцаў, журналістаў, блогераў, актывістаў грамадзянскай супольнасці толькі за тое, што яны ўдзельнічалі ў мірных сходах і распаўсюджвалі інфармацыю аб парушэннях іх законных правоў і свабод, гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі дамовамі", — адзначае праваабаронца.

Падобныя рашэнні судоў Волчак называе "найгрубейшым парушэннем правоў чалавека". "Многія важныя беларускія законы маюць чыста дэкларатыўнае значэнне. У гэтых законах ёсць правы на мірныя сходы, свабоду выказвання меркавання, распаўсюджванне інфармацыі, справядлівы суд, але фактычна імі немагчыма скарыстацца. Наадварот, мы бачым не паляпшэнне судовай сістэмы, а пагаршэнне яе і з'яўленне новай формы рэпрэсій супраць праваабаронцаў, журналістаў, думаючых і актыўных людзей — завочныя адміністрацыйныя суды. Такая форма суда ёсць толькі ў грамадзянскім працэсе, але не ў адміністрацыйным судзе", — напісаў ён.

Праваабаронца адзначыў, што ў ліпені ў Мінску пройдзе сесія Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. "Мерапрыемствы такога роду вельмі важныя для павышэння іміджу любой краіны. У рамках ПА АБСЕ пройдзе маштабнае пленарнае пасяджэнне, пройдуць пасяджэнні пастаяннага камітэта, агульных камітэтаў па палітыцы, бяспекі, эканоміцы, навакольным асяроддзі, па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека. Менавіта тут дэмакратычныя краіны могуць заклікаць Беларусь выконваць свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, спыніць пераслед актывістаў грамадзянскай супольнасці, у тым ліку праваабаронцаў", — падкрэслівае Волчак.

Праваабаронцы заклікаюць дэмакратычныя краіны "праявіць салідарнасць з беларускімі актывістамі, якія адстойваюць дэмакратыю ў краіне, змагаюцца за захаванне правоў чалавека дзяржавай". "Абарона правоў чалавека не ўнутраная справа адной краіны, міжнародная падтрымка нам цяпер неабходная", — лічыць ён.

21 сакавіка суд Фрунзенскага раёна завочна асудзіў Волчака за ўдзел у акцыі на 13 сутак адміністрацыйнага арышту, аднак рашэнне было адменена Мінскім гарадскім судом і адпраўлена на перагляд. Тым не менш 2 мая суд Фрунзенскага раёна, зноў у адсутнасці Волчака, прадубліраваў сваю першапачатковую пастанову аб арышце праваабаронцы на 13 сутак. Аб рашэнні суда Волчак даведаўся толькі праз месяц. 5 чэрвеня ён падаў у Мінгарсуд скаргі з патрабаваннем спыніць яго адміністрацыйную справу.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН