Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/12/907238_907239/
Дата раздрукоўкі: 30.09.2020 23:53
12.06.2017 10:02 Грамадства

Свае выказванні аб католіках Святлана Алексіевіч назвала метафарай

Мінск, 12 чэрвеня. Свае выказванні аб католіках падчас прамой лініі ў эфіры расійскага тэлеканала "Дождь" пісьменніца Святлана Алексіевіч назвала метафарай.

"Калі мне задалі пытанне пра Украіну, я сказала, што Крым — гэта, несумненна, акупацыя, а што тычыцца Данбаса — гэта, вядома, вайна, развязаная Пуціным, — заявіла нобелеўскі лаўрэат у каментары парталу tut.by. — Такую вайну можна развязаць у любым месцы. Можна адправіць туды танкі, пару машын з аўтаматамі, адмарозкі заўсёды якія-небудзь знойдуцца. Гэта можна разгайдаць і ў Беларусі, католікі будуць ваяваць з праваслаўнымі. Трэба было мне сказаць, што і праваслаўныя з католікамі, што ва Украіне нават праваслаўныя з праваслаўнымі [ваююць]. Ні пра якіх католікаў, ні пра якую вайну ў Беларусі гаворкі не ішло. Я здзіўляюся, як яны змаглі прачытаць усё гэта. Гэта была метафара, не [літаральна] пра тое, што католікі будуць ваяваць з праваслаўнымі".

Як раней паведамляў БелаПАН, падчас прамой лініі ў эфіры тэлеканала "Дождь" 9 чэрвеня Алексіевіч выказала меркаванне, што людзі ва Украіне і ў Расіі не хочуць ваяваць адзін з адным, канфлікт падаграваюць улады, кіруючыся геапалітычным інтарэсам. Яна падкрэсліла, што лічыць далучэнне Крыма да Расіі ў 2014 годзе акупацыяй. "Вайна — тая, якую пачала Расія ў Данбасе, — гэта на сумленні Расіі. Таму што такую вайну можна пачаць і ў Беларусі. Дайце туды танкі, дайце туды зброю — там католікі будуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна", — сказала Алексіевіч. "Чалавек, — адзначыла яна, — досыць недасканалая і вельмі палітычная істота". Аднак "людзі не жывуць палітыкай", таму "ім можна ўкласці ў галаву ўсё, што хочаце", дадала пісьменніца.

У сувязі з гэтым кіраўнік Каталіцкага касцёла Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся з адкрытым лістом да Алексіевіч. "Сёння я з вялікім смуткам і трывогай успрыняў Вашы словы: "Дайце ў Беларусь танкі, зброю — і там католікі пачнуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна", — піша мітрапаліт. — З усёй упэўненасцю хачу падкрэсліць, што гэта нават немагчыма сабе ўявіць у Беларусі, дзе гістарычна склаліся добрыя як міжканфесійныя, так і міжрэлігійныя адносіны, якія з`яўляюцца нашым нацыянальным скарбам і добрым прыкладам для ўсяго свету".

"Не хацелася б, каб Вашы словы як лаўрэата Нобелеўскай прэміі былі ўспрынятыя як заклік да міжканфесійнай канфрантацыі. Наадварот, яны павінны ўносіць мір і кансалідацыю ў наша грамадства", — лічыць Кандрусевіч.

"Спадзяюся, што ў Вашых словах не было благога намеру ў адрас католікаў нашай Радзімы. Аднак варта памятаць, што параніць і забіць могуць не толькі танкі і зброя, але і словы. Будучы асобамі публічнымі, неабходна памятаць пра адказнасць за свае словы", — указвае кіраўнік Каталіцкага касцёла Беларусі.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239