Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/12/907250_907251/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:09
12.06.2017 11:48 Грамадства

У Беларусі пачалося цэнтралізаванае тэставанне, у першы дзень якога абітурыенты здаюць беларускую мову

Мінск, 12 чэрвеня. У Беларусі 12 чэрвеня пачалося цэнтралізаванае тэставанне. Сёння абітурыенты здаюць беларускую мову.

Паводле дадзеных Міністэрства адукацыі, на ЦТ па беларускай мове зарэгістравалася 28 тыс. 474 чалавекі. У 2016 годзе на тэставанне па гэтым прадмеце было зарэгістравана каля 22 тыс. абітурыентаў.

Паводле інфармацыі дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалая Фяськова, павелічэнне колькасці жадаючых здаваць беларускую мову адбылося з-за дадзенага абітурыентам права здаваць сёлета ЦТ па чатырох прадметах замест трох. "Я думаю, што колькасць асоб, якія зарэгістраваліся, вырасла за кошт абітурыентаў, што вырашылі здаваць рускую і беларускую мовы. Хоць лічу, што гэта ірацыянальна", — адзначыў ён.

Фяськоў падкрэсліў, што кожны год на здачу цэнтралізаванага тэставання па беларускай і рускай мовах не з'яўляюцца прыкладна 2—3% ад агульнай колькасці зарэгістраваных, па гуманітарных прадметах — 4—6%.

Цэнтралізаванае тэставанне ў асноўныя дні пройдзе па 2 ліпеня: руская мова — 14 чэрвеня; грамадазнаўства — 16 чэрвеня, матэматыка — 18 чэрвеня, біялогія — 20 чэрвеня; замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — 22 чэрвеня, хімія — 24 чэрвеня, фізіка — 26 чэрвеня, гісторыя Беларусі — 28 чэрвеня, геаграфія — 30 чэрвеня, сусветная гісторыя (найноўшы час) — 2 ліпеня.

У рэзервовыя дні ЦТ будзе праводзіцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Зарэгістравацца для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні можна з 30 чэрвеня па 3 ліпеня, час працы пунктаў рэгістрацыі — з 9.00 да 19.00, па суботах (13 і 27 мая) — з 9.00 да 18.00.

Час пачатку ЦТ, у тым ліку ў рэзервовыя дні, — 11.00. Атрымаць сертыфікаты абітурыенты змогуць у пунктах правядзення ЦТ з 10 ліпеня, у БДУ (рэзервовыя дні) — з 13 ліпеня.

Указ прэзідэнта аб зменах правілаў прыёму ў ВНУ і ССНУ быў падпісаны 9 студзеня 2017 года. У ліку асноўных новаўвядзенняў — магчымасць здаваць ЦТ па чатырох вучэбных прадметах, прытым што пры паступленні ў ВНУ неабходна будзе падаваць вынікі трох тэстаў, а таксама павелічэнне тэрміну дзеяння сертыфікатаў ЦТ да двух гадоў і арганізацыя да трох рэзервовых дзён тэставання.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка 11 чэрвеня ў вячэрнім эфіры тэлеканала "Беларусь 1" заявіў, што тэставыя заданні гэтага года адпавядаюць школьнай праграме. "Тэсты пад'ёмныя для вучня, які займаўся і мае сістэму ведаў пэўную", — адзначыў міністр. Капренка падкрэсліў, што каля 30% абітурыентаў у гэтым годзе запісаліся на чатыры тэсты.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН