Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/12/907280_907281/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:35
12.06.2017 13:29 Эканоміка

У другой палове 2017 года плануецца завяршыць перамовы з шэрагам краін аб уступленні Беларусі ў СГА

Мінск, 12 чэрвеня. У другой палове 2017 года плануецца завяршыць перамовы з шэрагам краін аб уступленні Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА).

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, 9 чэрвеня ў Жэневе (Швейцарыя) адбыўся чарговы раўнд перамоваў па далучэнні Беларусі да СГА. Беларускую дэлегацыю ўзначаліў пасол па асаблівых даручэннях МЗС Беларусі Уладзімір Серпікаў. У склад дэлегацыі ўвайшлі таксама прадстаўнікі МЗС, Міністэрства эканомікі і Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі ў Жэневе.

Праведзены двухбаковыя перамовы па доступе на рынак тавараў і паслуг з зацікаўленымі членамі СГА, "падчас якіх удалося дадаткова зблізіць пазіцыі і стварыць перадумовы для завяршэння перамоваў з шэрагам краін у другой палове 2017 года", адзначылі ў прэс-службе МЗС.

Таксама адбылася сустрэча беларускай дэлегацыі са старшынёй рабочай групы па ўступленні Беларусі ў СГА, пастаянным прадстаўніком Турцыі ў Жэневе Кемалам Мадэнаглу і выканаўцай абавязкаў дырэктара дэпартамента па далучэнні новых краін Сакратарыята СГА Майкай Ашыкава.

Мадэнаглу і Ашыкава, паведамляе прэс-служба МЗС, высока ацанілі праведзеную Беларуссю працу ў рамках выканання рашэнняў, прынятых па выніках 8-га пасяджэння рабочай групы па далучэнні краіны да СГА ў студзені 2017 года ў Жэневе.

Дасягнута дамоўленасць, што Сакратарыят СГА распаўсюдзіць першы праект даклада Рабочай групы па далучэнні Беларусі да СГА (фінальнага дакумента). Яго плануецца разгледзець на 9-м пасяджэнні рабочай групы ў гэтым годзе.

Як раней заяўляў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, ён спадзяецца, што на працягу "дастаткова кароткага часу" Беларусь завершыць перамовы аб уступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю з астатнімі дзяржавамі.

"Мы сапраўды знаходзімся на фінальнай стадыі. Каля 10—15 дзяржаў засталося, з кім мы павінны завяршыць перамовы. Мы павінны папрацаваць над адпаведным дакументам рабочай групы", — сказаў Макей журналістам у Мінску 2 чэрвеня.

Паводле яго слоў, беларускі бок цяпер працуе над гэтым дакументам, а таксама вядзе кансультацыі з калегамі з іншых краін, "актыўна працуе на жэнеўскай пляцоўцы" і ў Бруселі з еўрапейскімі партнёрамі. "Праца ідзе. Я думаю, што мы за досыць кароткі перыяд пройдзем той астатак шляху, які нам засталося прайсці", — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН