Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/12/907332_12345/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:15
12.06.2017 16:01 Палітыка, Грамадства

Мінгарсуд 16 чэрвеня разгледзіць апеляцыю актывіста Вячаслава Касінерава на прызнанне яго вінаватым у хуліганстве за правядзенне перформансу са скульптурай гарадавога

Мінск, 12 чэрвеня. Мінскі гарадскі суд 16 чэрвеня разгледзіць апеляцыю актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава на прызнанне яго вінаватым у хуліганстве за правядзенне перформансу са скульптурай сталічнага гарадавога, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Касінераў абскардзіў прыгавор суда Маскоўскага раёна ад 27 красавіка, згодна з якім па арт. 339 КК (хуліганства) ён пакараны штрафам у пяць базавых велічынь (115 рублёў). Паводле інфармацыі праваабаронцаў, актывіст лічыць прысуд незаконным. Звяртаючыся ў апеляцыйную інстанцыю, ён прыводзіць довады на карысць адсутнасці хуліганскага матыву ў сваіх дзеяннях і неабходных кваліфікацыйных прыкмет злачынства, якое ставіцца яму ў віну. "Прыцягненне мяне да крымінальнай адказнасці за мірнае выказванне свайго меркавання, якое не ўчыніла шкоды ні іншым грамадзянам, ні грамадству ў цэлым, ні чужой маёмасці, з`яўляецца непрапарцыйнай мерай абмежавання свабод і скіравана не на абарону грамадскіх інтарэсаў, а на стварэнне перашкодаў у ажыццяўленні мною сваіх канстытуцыйных правоў", — гаворыцца ў скарзе.

Анархіст просіць Мінгарсуд адмяніць прыгавор суда Маскоўскага раёна і спыніць крымінальную справу за адсутнасцю складу крымінальнага злачынства.

Прычынай крымінальнага пераследу Касінерава стаў перформанс у цэнтры Мінска 12 сакавіка. У знак пратэсту "супраць міліцэйскага гвалту" ён накінуў пятлю на нядаўна ўсталяваную скульптуру царскага гарадавога і два разы паляпаў яго па твары. Помнік устаноўлены насупраць будынка МУС у гонар 100-годдзя беларускай міліцыі.

Больш за месяц Касінераў быў заключаны пад варту, аднак за тыдзень да суда вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. За гэты час праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з заявай, у якой прызналі Касінерава палітвязнем і запатрабавалі яго неадкладнага вызвалення.

Касінераў быў адным з фігурантаў рэзананснай "справы графіцістаў". Ён і яшчэ два чалавекі былі затрыманыя ў жніўні 2015 года па падазрэнні ў нанясенні графіці "Беларусь мае быць беларускай" і "Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...", а таксама псаванні фарбай сацыяльнай рэкламы на двух білбордах з выявай супрацоўнікаў міліцыі ў Мінску. Каля месяца ўсе трое знаходзіліся пад арыштам, затым іх вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. 29 студзеня 2016 года па рашэнні суда Касінераў быў аштрафаваны на 30 базавых велічынь (на той момант недэнамінаваных 6,3 млн рублёў) на падставе арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН