Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/13/907425_907426/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 14:06
13.06.2017 12:48 Эканоміка, Фінансы

Лукашэнка прапаноўвае расійскаму "Ашчадбанку" пашыраць поле дзейнасці ў Беларусі

Мінск, 13 чэрвеня. Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае "Ашчадбанку" пашыраць поле дзейнасці на беларускім рынку. Пра гэта ён заявіў 13 чэрвеня на сустрэчы са старшынёй праўлення ПАТ "Ашчадбанк" Германам Грэфам, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Мне заўсёды прыемна з вамі сустракацца, вы гэта ведаеце. Я гатовы да абмеркавання любых праблем, якія сёння ёсць у нашым супрацоўніцтве. Тым больш вы працуеце ў нас вельмі актыўна ў эканоміцы, "Ашчадбанк" Расіі — актыўны ўдзельнік нашага рынку. Думаю, што поле дзейнасці трэба пашыраць, і мы паціху будзем гэта рабіць", — сказаў Лукашэнка.

Грэф падзякаваў кіраўніку дзяржавы за "магчымасць сустрэчы і канструктыўнае стаўленне". "Ашчадбанк" у Беларусі — вельмі буйны гулец на рынку. І ўсе гэтыя гады, пачынаючы з 2014-га, мы ў няпростыя часы павялічвалі свой партфель, — цытуе Грэфа дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Цяпер сітуацыя ўжо куды больш стабільная. Лічу, што гэты год мы скончым значна лепш, чым 2015 і 2016 гады. З наступнага года мы павінны выходзіць на ўстойлівы прыбытак. У цэлым сітуацыя пад кантролем".

"Ашчадбанк" — найбуйнейшы банк Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Геаграфія яго прысутнасці ахоплівае 22 краіны, а колькасць кліентаў за межамі Расіі дасягнула 10 млн. Доля міжнароднага бізнесу складае 14% сукупных актываў. У канцы 2009 года расійскі "Ашчадбанк" падпісаў з урадам Беларусі дагавор аб куплі "БПС-Банка" за 280,8 млн долараў. У кастрычніку 2011-га банк перайменаваны ў ААТ "БПС-Ашчадбанк". 98,4% акцый яго статутнага капіталу належыць расійскаму "Ашчадбанку".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239