Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/13/907449_12345/
Дата раздрукоўкі: 02.10.2020 01:39
13.06.2017 13:52 Палітыка

Лукашэнка: Ваенна-палітычнае становішча на сучасным этапе ў зоне адказнасці АДКБ яшчэ больш абвастраецца

Мінск, 13 чэрвеня. Ваенна-палітычнае становішча на сучасным этапе ў зоне адказнасці АДКБ яшчэ больш абвастраецца, заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня ў Мінску падчас сустрэчы з кіраўнікамі абаронных ведамстваў краін Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, якія прыбылі на пасяджэнне Савета міністраў абароны АДКБ.

Лукашэнка зазначыў, што сёлета адзначаецца 25-годдзе з моманту падпісання Дагавора аб калектыўнай бяспецы і 15-годдзе з дня ўтварэння арганізацыі. "Усе гэтыя гады ваенна-палітычнае становішча ў зоне адказнасці АДКБ нельга было назваць спакойным. На сучасным этапе яно яшчэ больш абвастраецца, — цытуе беларускага кіраўніка прэс-служба прэзідэнта. — Вы добра дасведчаныя аб працэсах, што адбываюцца ў рэгіёнах калектыўнай бяспекі. Упэўнены, што нашы ацэнкі сённяшняга стану пагроз у розных сферах бяспекі супадаюць".

Паводле слоў Лукашэнкі, у гэтых умовах Беларусь надае асаблівае значэнне эфектыўнасці работы статутных органаў АДКБ. Ён разлічвае, што гэта пасяджэнне Савета міністраў абароны будзе спрыяць умацаванню бяспекі дзяржаў — членаў АДКБ.

Лукашэнка нагадаў, што калі Беларусь прымала старшынства ў Савеце калектыўнай бяспекі, быў вылучаны шэраг ініцыятыў, у тым ліку ў ваеннай сферы. Прапанавана прыняць меры па практычнай рэалізацыі Стратэгіі калектыўнай бяспекі АДКБ, удасканаленні сістэмы крызіснага рэагавання, а таксама паглыбленні супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы. "Яны прадыктаваныя логікай развіцця арганізацыі, нашым бачаннем вырашэння актуальных задач. Сёння на першы план выходзяць пытанні менавіта практычнага супрацоўніцтва па забеспячэнні стабільнасці ў рэгіёнах, — сказаў Лукашэнка. — Неабходна разумець, што ўсе сферы забеспячэння бяспекі і дзейнасці АДКБ узаемазвязаныя. Недапрацоўкі асобных практычных напрамкаў непазбежна цягнуць за сабой тармажэнне ў развіцці ўсяго механізму".

Афіцыйны беларускі лідар зазначыў, што Беларусь выступае за больш хуткае абуладкаванне Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) найноўшымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі.

Ён падкрэсліў, што краінамі — членамі АДКБ у склад КСАР вылучаныя найбольш боегатовыя падраздзяленні нацыянальных узброеных сіл. Паводле слоў Лукашэнкі, рашэннем Савета калектыўнай бяспекі АДКБ прадугледжана аснашчэнне КСАР сучаснымі і сумяшчальнымі ўзбраеннем і ваеннай тэхнікай. Гэтая пазіцыя замацаваная ў пагадненні аб Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання.

На думку Лукашэнкі, на практыцы гэтая работа прасоўваецца павольнымі тэмпамі, што недапушчальна. "У такой сітуацыі Калектыўныя сілы не дасягаюць свайго максімальнага патэнцыялу, таму працу па гэтым напрамку неабходна актывізаваць", — лічыць ён.

Лукашэнка адзначыў, што нельга зацягваць ўзгадненне бакамі пагаднення аб сумесным тэхнічным забеспячэнні КСАР АДКБ, якое падрыхтавана ў рамках стварэння адпаведнай сістэмы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння войскаў. "Яго рэалізацыя мае практычную накіраванасць і дазволіць зняць многія неўрэгуляваныя пытанні забеспячэння дзеянняў Калектыўных сіл як пры выкананні імі баявых задач, так і падчас вучобы", — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што па ініцыятыве беларускага боку восенню запланавана апрабаваць новую больш маштабную форму сумеснай падрыхтоўкі фарміраванняў Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ — аператыўна-стратэгічныя вучэнні.

Падчас гэтых вучэнняў будзе ацэнены ўзровень падрыхтоўкі штабоў і войскаў да сумесных дзеянняў, лічыць Лукашэнка. "Важна не толькі абкатаць дзеянні войскаў у розных рэгіёнах калектыўнай бяспекі ў адзінай вучэбнай абстаноўцы, але і прапрацаваць дзеянні па прадухіленні сучасных пагроз, якія ўжо устойліва набылі гібрыдныя формы. Гэта рэаліі сённяшняга дня, і яны патрабуюць ад арганізацыі адэкватнага рэагавання", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У гэтай сувязі Беларуссю падтрыманая ініцыятыва фарміравання сістэмы міждзяржаўнага інфармацыйнага ўзаемадзеяння, у тым ліку Цэнтра крызіснага рэагавання і нацыянальных органаў, упаўнаважаных на ўзаемадзеянне з ім.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239