Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/13/907504_12345/
Дата раздрукоўкі: 14.07.2020 02:11
13.06.2017 17:31 Эканоміка

Лукашэнка абмеркаваў з прадстаўнікамі расійскага бізнесу магчымасць аднаўлення супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў калійнай сферы

Мінск, 13 чэрвеня. Магчымасці аднаўлення супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў калійнай сферы абмяркоўваліся 13 чэрвеня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі расійскага бізнесу.

Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, з боку Беларусі на сустрэчы таксама прысутнічалі кіраўнікі калійнай галіны. "Прадметна абмеркаваныя падыходы да магчымага аднаўлення супрацоўніцтва, актуальныя пытанні, звязаныя з сітуацыяй на сусветным рынку хлоркалію, — гаворыцца ў паведамленні. — Прэзідэнт падкрэсліў нязменную пазіцыю беларускага боку, якая складаецца ў тым, што аднаўленне ўзаемадзеяння магчымае толькі пры абавязковым захаванні нацыянальных інтарэсаў Беларусі і выключна на ўзаемавыгаднай аснове".

Пра намер прадстаўнікоў "Уралкалія" абмеркаваць 13 чэрвеня на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам аднаўленне супрацоўніцтва з Беларуссю заявіў на мінулым тыдні ў Астане акцыянер "Уралкалія" Дзмітрый Мазепін. Ён паведаміў, што прадстаўнікі "Уралкалія" "яшчэ раз паспрабуюць знайсці ўзаемавыгаднае рашэнне". Заяўлялася таксама, што ў сустрэчы возьме ўдзел кіраўнік "Ашчадбанка" Расіі Герман Грэф (сёння ён таксама знаходзіцца ў Мінску).

У сакавіку Лукашэнка заяўляў, што Беларусь гатовая супрацоўнічаць з "Уралкаліем", але інтарэсы беларускага боку пры гэтым "павінны быць выкананы не на 100, а на 200%". "Мы ўжо наеліся гэтай сумеснай працы, таму калі працаваць разам, то — з тэрыторыі Беларусі, сумленна і прынцыпова дамовіўшыся па ўсіх пытаннях, і ў гэтым ключы дзейнічаць. Мы не пойдзем ні на якія саступкі, але да кампрамісаў гатовыя. Але гэтыя кампрамісы павінны быць узаемавыгаднымі", — падкрэсліў Лукашэнка ў час даклада аб асобных пытаннях дзейнасці Беларускай калійнай кампаніі (БКК).

У ліпені 2013 года "Уралкалій" аб'явіў пра выхад са складу сумеснага з Беларуссю ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" ў сувязі з тым, што беларускі бок пачаў экспартаваць прадукцыю "Беларуськалія" ў абыход БКК. Неўзабаве пасля гэтага ў Мінску быў затрыманы Уладзіслаў Баўмгертнер, у той час гендырэктар "Уралкалія". Ён некалькі месяцаў правёў у СІЗА КДБ па абвінавачанні ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, а таксама ў крадзяжы. Крымінальныя справы таксама былі распачатыя ў дачыненні да групы менеджараў кампаніі.

5 верасня таго ж года Лукашэнка падпісаў указ "Аб удасканаленні экспарту калійных угнаенняў", у адпаведнасці з якім была створаная новая гандлёвая кампанія — ААТ "Беларуская калійная кампанія". На новую кампанію ўскладзеная задача, якую да гэтага выконвала ЗАТ "БКК", — продаж калійных угнаенняў.

Пасля змены акцыянераў "Уралкалія" пытанне аб аднаўленні беларуска-расійскага супрацоўніцтва ўздымалася неаднаразова. Першы раз гэта адбылося ў красавіку 2014-га, калі Дзмітрый Мазепін наведаў Мінск і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Аднак ніякага канкрэтнага рашэння тады прынята не было.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239