Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/13/907525_456328/
Дата раздрукоўкі: 20.03.2019 03:56
13.06.2017 17:39 Палітыка, Грамадства

Беларусу Міхаілу Жызнеўскаму, які загінуў на Майдане, прысвоенае званне Героя Украіны

Мінск, 13 чэрвеня. Пётр Парашэнка 13 чэрвеня прысвоіў званне Героя Украіны загінуламу на Майдане беларусу Міхаілу Жызнеўскаму. Як паведамляе прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта, Зорку Героя Украіны Парашэнка ўручыў бацькам Жызнеўскага.

"Ён паклаў сваё жыццё за нашу і вашу свабоду, — сказаў Парашэнка. — Для нас Міхаіл не іншаземец, для нас Міхаіл — украінец ў душы". Парашэнка падкрэсліў, што званне Героя Украіны цяпер мае надзвычай высокі статус, гэтае званне прысвойваюць выключна за заслугі на фронце ў абароне тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці ўкраінскай дзяржавы.

"Ганаруся, што сёння да слаўнай кагорты ўкраінцаў, якія носяць званне "Герой Украіны", далучыўся ваш сын — вялікі беларус і вялікі ўкраінец", — сказаў Парашэнка.

Ён адзначыў, што для таго каб прысвоіць Жызнеўскаму гэтае званне, былі ініцыяваныя змены ва ўкраінскім заканадаўстве. Іх падтрымала Вярхоўная рада, што дазволіла ўпершыню ў гісторыі Украіны прысвоіць званне героя замежніку.

Бацька Міхаіла Жызнеўскага падзякаваў Парашэнку за падтрымку. "Вялікі дзякуй за падтрымку нашай сям`і, за маральную і матэрыяльную дапамогу, за тое, што вы не забываеце нашу сям`ю. Мы будзем памятаць пра вашу дапамогу, вы трымаеце слова. За гэта — за нашу свабоду, за свабоду Украіны — загінуў наш сын", — сказаў ён.

Як сказала БелаПАН маці Міхаіла Ніна Жызнеўская, якая знаходзіцца ў Кіеве, яна вельмі рада, што сын атрымаў высокую ўзнагароду: "Гэта важна для нас з-за многіх прычын. Не толькі дзеля таго, каб ушанаваць памяць Мішы. Гэта яшчэ і абарона яго магілы, абарона маёй дачкі, якой на працы нярэдка даводзілася чуць пра тое, што Міша "забойца, бандыт, расстрэльваў людзей на Майдане". Гэта абарона ўсёй нашай сям`і".

Член украінскай арганізацыі УНА-УНСА гамяльчанін Міхаіл Жызнеўскі быў забіты 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве стрэлам у сэрца. Ён стаў адной з першых ахвяр супрацьстаяння з сілавікамі. 18 лістапада 2015 года прадстаўнік Генпракуратуры Украіны паведаміў, што Жызнеўскага паразіла куля, якую выкарыстоўваюць у МУС для спынення транспартных сродкаў. 26 лістапада 2014 года ў Кіеве адкрылі помнік загінуламу. Бацькам беларуса Ніне і Міхаілу Жызнеўскім быў уручаны ордэн Героя Нябеснай сотні. Летась украінскі ўрад прызначыў ім пажыццёвую стыпендыю.
Таццяна Каравянкова, Алена Германовіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН