Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/13/907558_777896/
Дата раздрукоўкі: 20.03.2019 03:59
13.06.2017 19:54 Палітыка, Грамадства

Дзярждума мае намер прасіць урад РФ прыраўнаваць беларускае пасведчанне кіроўцы да расійскага

Мінск, 13 чэрвеня. Дзярждума 14 чэрвеня мае намер прыняць зварот да ўрада РФ з просьбай зраўнаваць у правах на тэрыторыі РФ расійскіх і беларускіх кіроўцаў, паведаміў журналістам першы віцэ-спікер Дзярждумы Іван Мельнікаў паводле вынікаў пасяджэння савета думы, перадае ТАСС.

"Заўтра дадаткова ў пачатку пасяджэння будзе разглядацца праект пастановы Дзяржаўнай думы аб звароце ва ўрад РФ. Сутнасць добра вядомая. Гаворка ідзе пра тое, каб кіроўцы — грамадзяне Беларусі былі прыраўнаваныя ў магчымасці кіравання транспартным сродкам да расійскіх кіроўцаў", — адзначыў Мельнікаў. Гэта значыць, дадаў ён, дэпутаты маюць намер прасіць урад зрабіць "беларускія пасведчанні вадзіцеля сапраўднымі на тэрыторыі РФ".

"Гэтая тэма даволі адчувальная. Мы лічым, што такая пастаноўка пытання цалкам адпавядае дагавору аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі", — сказаў віцэ-спікер.

У Расіі 1 чэрвеня ўвайшоў у сілу закон, які забараняе працаваць прафесійным кіроўцам — замежнікам на тэрыторыі РФ з нацыянальнымі правамі.

Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў 9 чэрвеня заявіў, што беларусам не трэба будзе мець расійскае пасведчанне вадзіцеля для працы на транспарце ў РФ. "Пакуль дамовіліся, што на найбліжэйшым пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы — пройдзе ў Санкт-Пецярбургу на наступным тыдні — прымуць часовы акт, які выключыць абавязацельства мець расійскае пасведачанне кіроўцы для беларусаў", — сказаў Сурыкаў на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН