Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/16/907936_907937/
Дата раздрукоўкі: 14.07.2020 03:54
16.06.2017 12:35 Грамадства, Эканоміка

Дзяржпагранкамітэт Беларусі прымае меры для скарачэння чэргаў у пункце пропуску "Брэст"

Мінск, 16 чэрвеня. Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі прымае меры для скарачэння чэргаў легкавога аўтатранспарту ў пункце пропуску "Брэст" на беларуска-польскай мяжы. Крытыка ў адрас ДПК з'явілася ў рэгіянальных СМІ ў сувязі з нібыта празмернай колькасцю выдадзеных пропускаў фізічным асобам.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі, для ўрэгулявання сітуацыі, якая склалася з чэргамі ў пункце пропуску "Брэст", ДПК яшчэ 10 мая прыняў рашэнне аб прыпыненні выдачы згодна з адміністрацыйнай працэдурай пропускаў фізічным асобам у пункт пропуску.

Паводле яго слоў, на 15 чэрвеня дзейнічае 416 такіх пропускаў. Дзякуючы гэтаму рашэнню з кожным месяцам іх колькасць будзе памяншацца, пры гэтым асабліва значнае памяншэнне чакаецца ў ліпені, жніўні і кастрычніку. Так, да канца чэрвеня завершыцца тэрмін дзеяння 11% пропускаў, да канца ліпеня і жніўня — па 25% у кожным месяцы. "Як бачна, з цягам часу сітуацыя нармалізуецца. Ужо менш чым праз тры месяцы скончацца тэрміны дзеяння ў большай часткі выдадзеных пропускаў, гэта больш за 60%. Чакаецца, што ўвосень сітуацыя з пропускамі не будзе аказваць істотнага ўплыву на сітуацыю ў гэтым пункце пропуску", — сказаў Бычкоўскі.

Закранаючы парадак на тэрыторыі за межамі зоны чакання, ён адзначыў, што гэта пытанне неабходна адрасаваць мясцовым органам улады, якія павінны забяспечваць парадак на гэтай тэрыторыі.

"Сітуацыя з заторамі перад зонай чакання таксама залежыць ад велічыні тэрыторыі самой зоны чакання, якая цяпер недастатковая для рэальнага патоку транспартных сродкаў, — падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік пагранведамства. — Дзяржпагранкамітэт у ходзе ўкаранення сістэмы электроннай чаргі ў пункце пропуску "Брэст" неаднаразова ўказваў усім зацікаўленым, у тым ліку КУП "Прыгранічны сэрвіс", на гэты недахоп і неабходнасць павелічэння тэрыторыі зоны чакання да 250 аўтамабіляў".

Антон Бычкоўскі адзначыў, што пасажырскі і транспартны паток праз мяжу аб'ектыўна расце. "Дзяржпагранкамітэтам ніколі не дэкларавалася павелічэнне прапускной здольнасці пунктаў пропуску праз ўкараненне сістэмы электроннай чаргі. Гэта сістэма павінна павысіць камфорт перасячэння дзяржаўнай мяжы, і ў першую чаргу за кошт укаранення сістэмы браніравання часу ўезду ў пункт пропуску", — сказаў ён.

Пры гэтым афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта звярнуў увагу грамадзян на тое, што для атрымання інфармацыі аб наяўнасці чаргі ў пункце пропуску неабходна арыентавацца найперш на звесткі ў табліцах на сайце ДПК, а не на відэаінфармацыю. У пункце пропуску "Брэст" яна давалася з камеры Дзяржаўнага мытнага камітэта. З сакавіка гэтага года пагранічнікі ад гэтай трансляцыі адмовіліся.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239