Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/16/907963_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 20:48
16.06.2017 13:27 Грамадства

У Маскве затрыманы ўдзельнік "банды Молнара"

Мінск, 16 чэрвеня. 15 чэрвеня супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі і галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Расіі затрымалі ў Маскве ўдзельніка "банды Молнара" — жыхара Бабруйска 1967 года нараджэння Юрыя Мяшэчака.

Як паведамляе МУС Беларусі, паводле аператыўнай інфармацыі, мужчына ўзначальваў арганізаваную злачынную групу, удзельнікі якой падманным шляхам завалодвалі нерухомасцю грамадзян. Устаноўлена, што Мяшэчак датычны да незаконнага завалодання больш чым 70 аб'ектамі. Яму завочна выстаўленае абвінавачанне па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі (незаконнае прадпрымальніцтва, махлярства ў асабліва буйным памеры, стварэнне злачыннай арганізацыі і г.д.).

МУС нагадвае, што "крымінальны калектыў дзейнічаў у складзе так званай банды Молнара — найбуйнейшай злачыннай арганізацыі пад кіраўніцтвам" аўтарытэта" з Бабруйска Сяргея Молнара".

Праца па выкрыцці банды вялася ГУБАЗіК МУС з 2013 года. Праваахоўнікам удалося выявіць больш за трыццаць удзельнікаў пяці арганізаваных злачынных груп, якія ўваходзілі ў банду. На іх рахунку — вымаганні, рабаванні, разбоі, падпалы аўтамабіляў, ашуканскія дзеянні з нерухомасцю і іншая супрацьпраўная дзейнасць.

Затрыманні падазроных праходзілі ў Бабруйску, Мінску і на тэрыторыі Расіі. У далейшым суду былі адданыя 30 асоб, якія мелі дачыненне да злачынстваў. Магілёўскім абласным судом у канцы мая гэтага года разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні ўдзельнікаў злачыннай арганізацыі Молнара ва ўчыненні больш як 100 злачынстваў быў скончаны.

У дачыненні да ўсіх фігурантаў вынесены абвінаваўчы прысуд. Лідар злачыннай арганізацыі асуджаны на 18 гадоў пазбаўлення волі.

Калі адбываліся затрыманні асноўных лідараў і ўдзельнікаў банды, Мяшэчаку ўдалося схавацца за межамі рэспублікі. На працягу некалькіх гадоў супрацоўнікамі ГУБАЗіК праводзіліся аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Фігурант, як адзначаюць у МУС, прыкладваў нямала намаганняў, каб хавацца ад правасуддзя: спыніў усе ранейшыя сувязі, уключаючы сваякоў, цалкам змяніў кола зносін. "Але, нягледзячы на прынятыя сур'ёзныя меры канспірацыі, аператыўнікам атрымалася ўстанавіць яго месца знаходжання і затрымаць. Зараз вырашаецца пытанне аб перадачы Мяшэчака праваахоўным органам Беларусі для прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці ва ўстаноўленым законам парадку", — гаворыцца ў паведамленні МУС.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН