Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/16/908013_254178/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 02:31
16.06.2017 17:34 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка заяўляе пра значны прагрэс у пытаннях рэабілітацыі пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС тэрыторый

Мінск, 16 чэрвеня. Наведваючы 16 чэрвеня Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб значным прагрэсе ў пытанні рэабілітацыі пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС тэрыторый.

"Для мяне гэта частка майго асабістага і прэзідэнцкага жыцця. Хоць тут усё перамяшанае, ад болю да станоўчых уражанняў. Я пражыў гэтае жыццё разам з імі (жыхарамі пацярпелых тэрыторый. — БелаПАН.)", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Ён адзначыў, што рэгулярна наведвае Гомельскую вобласць, у тым ліку заражаныя радыяцыяй тэрыторыі. "Самае галоўнае, што тут нармальна жывуць людзі. У тыя далёкія часы, калі я прыехаў на другім годзе свайго прэзідэнцтва сюды, людзі былі запалоханыя. Шмат хто на гэтым рабілі палітыку, яны ўжо за мяжой сядзяць (жылі на замежныя гранты). Яны паехалі, а людзі засталіся жыць", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, за апошнія 20 гадоў вельмі шмат што змянілася. "Тут людзі жывуць, як і ва ўсёй Беларусі. Гэта самая вялікая для мяне радасць, адзін з вынікаў гэтага прэзідэнцкага перыяду — тое, што зрабіў беларускі народ. Ён не проста захаваў, ён вярнуў да жыцця гэтыя тэрыторыі. Гэта галоўны вынік", — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што пытанне аднаўлення і рэабілітацыі пацярпелых ад АЭС тэрыторый асабіста для яго складае большую частку жыцця — менавіта тут даводзілася прымаць самыя сур'ёзныя рашэнні. "Калі мы пачалі асвойваць землі, вельмі шмат было крытыкі на мой адрас. Тады я вымушаны быў пасяліцца на Прыпяці, пабудаваў драўляны дом", — расказаў Лукашэнка.

Вынікі праведзенай працы, паводле яго слоў, адлюстраваныя ў тым ліку ў эканамічных паказчыках. Так, за мінулыя некалькі пяцігодак у Гомельскай вобласці ўдалося падвоіць і патроіць вытворчасць прадуктаў харчавання ў розных сегментах. "А купляюць толькі чыстую прадукцыю. Самы жорсткі кантроль", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

У запаведніку Лукашэнка наведаў нежылую вёску Бабчын, адкуль пасля чарнобыльскай аварыі было эвакуявана больш за 700 чалавек. Частка наяўных там пабудоў выкарыстоўваецца для патрэб запаведніка. Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, што пры выкананні неабходных мер засцярогі значная частка тэрыторый па-ранейшаму можа быць задзейнічаная для розных відаў гаспадарчай дзейнасці. Сярод іх дрэваапрацоўка, пчалярства, развядзенне племянных коней. Лукашэнка азнаёміўся з гаспадаркай і асабіста прадэгуставаў мёд з мясцовага пчальніка, паведамляе прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны аб планах па змене межаў запаведніка, са складу якога плануецца выключыць частку тэрыторый і больш актыўна ўключыць іх у гаспадарчы абарот. "За мінулыя з моманту аварыі гады радыяцыйны фон там значна знізіўся, што абумоўленае фізічнымі працэсамі паўраспаду радыеактыўных рэчываў. Акрамя таго, навуковыя даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў дазваляюць гарантаваць атрыманне на гэтых землях чыстай прадукцыі, а таксама бяспечнае развіццё мясной і малочнай жывёлагадоўлі", — адзначае прэс-служба.

Паведамляецца таксама, што пасля наведвання пчальніка Лукашэнка нечакана змяніў маршрут, прыняўшы рашэнне пабываць і ў тых месцах, якія заставаліся некранутымі з моманту перасялення жыхароў тры дзясяткі гадоў таму. У вёсцы на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка ён агледзеў адзін з закінутых дамоў.

"Характэрна, што пасля дазіметрычнага абследавання на выездзе з запаведніка на вопратцы і абутку журналістаў, якія суправаджалі прэзідэнта, перавышэння радыяцыйнага фону не выяўлена", — адзначае дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН