Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/18/908173_908174/
Дата раздрукоўкі: 22.02.2020 13:48
18.06.2017 14:34 Грамадства

Да Дня горада Нацыянальная акадэмія навук і Мінгарвыканкам рыхтуюць міжнародную канферэнцыю, прысвечаную 950-годдзю Мінска

Мінск, 18 чэрвеня. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Мінскі гарвыканкам рыхтуюць да Дня горада міжнародную канферэнцыю "Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі (да 950-годдзя горада)".

Заяўкі на ўдзел у канферэнцыі прымаюцца да 5 жніўня, паведамляе сайт Мінгарвыканкама. Запланаваныя тэмы: "Менск старажытны (XI—XIII стст.)"; "У складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай"; "Цэнтр губерні Расійскай імперыі"; "Горад у віхурах войнаў і рэвалюцый"; "Мінск — сталіца Савецкай Беларусі і Рэспублікі Беларусь"; "Знакамітыя мінчане"; "Турыстычны патэнцыял сталіцы Беларусі".

Удзельнічаць у канферэнцыі могуць студэнты, магістранты і аспіранты, але ім разам з заяўкай неабходна даслаць тэзісы даклада (да 2.000 знакаў) і водгук навуковага кіраўніка. Арганізатары абяцаюць візавую падтрымку замежным удзельнікам, але камандзіровачныя выдаткі аплачваюцца за кошт камандзіруючага боку.

Рабочымі мовамі канферэнцыі вызначаны беларуская, руская і польская. Прадстаўленыя на ёй матэрыялы будуць апублікаваны.

Канферэнцыя пройдзе 7—8 верасня, напярэдадні Дня горада. Ён штогод адзначаецца ў другую суботу верасня і сёлета выпадае на 9 верасня.

950 гадоў Мінску споўнілася 3 сакавіка 2017 года. Гісторыю горада прынята весці ад яго першай згадкі ў пісьмовай крыніцы — такой з'яўляецца "Аповесць мінулых гадоў".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН