Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/18/908182_908183/
Дата раздрукоўкі: 20.02.2020 05:38
18.06.2017 15:40 Грамадства

Падчас ЛГБТ-маршу ў Кіеве адбылася бойка паміж праціўнікам акцыі і маладым чалавекам, які трымаў бел-чырвона-белы сцяг

Мінск, 18 чэрвеня. Падчас ЛГБТ-маршу 18 чэрвеня ў Кіеве на вуліцы Чырвонаармейскай адбылася бойка паміж праціўнікам акцыі і маладым чалавекам, які прыйшоў на марш з бел-чырвона-белым сцягам.

Відэа бойкі апублікаваў украінскі інтэрнэт-рэсурс strana.ua. Малады чалавек са сцягам быў апрануты ў беларускую вышыванку. "Другі нацыяналіст з Беларусі накінуўся на яго, спрабуючы адабраць сцяг. Сутычка доўжылася каля хвіліны, яе спыніла паліцыя. Як паведаміў "Стране" нападнік Павел, ён палічыў, што яго апанент прыніжае беларускую дзяржаву, але ў чым канкрэтна гэта выявілася, ён растлумачыць не змог. Верагодна, нападнік, які супраць маршу ЛГБТ, прыняў уладальніка сцяга за прыхільніка пашырэння правоў сексуальных меншасцяў", — піша ўкраінскі рэсурс.

Уладальнік сцяга, які назваўся Міхасём, у каментары журналістам не стаў выказваць сваю пазіцыю наконт маршу. Разам з тым ён выказаў шкадаванне з нагоды таго, што ў сталіцы Украіны на беларускую нацменшасць нападаюць. У выніку канфлікту сцяг застаўся ў гаспадара.

Паведамляецца, што марш сабраў каля 2 тысяч прадстаўнікоў ЛГБТ і іх прыхільнікаў і прайшоў пад узмоцненай аховай паліцыі — на акцыі было задзейнічана каля 6 тысяч паліцэйскіх. Удзельнікі маршу прайшлі ад Дома настаўніка на Уладзімірскай вуліцы да плошчы Льва Талстога. Праціўнікі акцыі спрабавалі перашкодзіць яе правядзенню, было зафіксавана некалькі невялікіх сутычак, развіццё якіх прадухіліла паліцыя.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН