Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/19/908198_445566/
Дата раздрукоўкі: 22.02.2020 12:14
19.06.2017 10:09 Эканоміка

Кіраўнік ЗТАА "Слаўкалій" Ігар Кожыч: Мы не канкурэнты "Беларуськалію", мы — партнёры

Мінск, 19 чэрвеня. Ігар Кожыч, выканаўца абавязкаў дырэктара ЗТАА "Слаўкалій", якое узводзіць Нежынскі горна-абагачальны комплекс у Любанскім раёне Мінскай вобласці, лічыць, што гэтае прадпрыемства не з'яўляецца канкурэнтам ААТ "Беларуськалій". Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір" тэлеканала "Беларусь 1", паказаным увечары 18 чэрвеня.

Калісьці, паведамляе беларускае тэлебачанне, Ігар Кожыч кіраваў другім рудаўпраўленнем "Беларуськалія".

"Мы "Беларуськалію" абсалютна не канкурэнты, — заявіў кіраўнік ЗТАА. — Мы — партнёры. І сёння наша задача — выпрацаваць прадукт пашыранага спектра. І мы плануем дапоўніць рынак беларускай калійнай прадукцыі менавіта прадуктам, які будзе запатрабаваны, але не складзе канкурэнцыю "Беларуськалію", а дапоўніць яго", — адзначыў Кожыч.

Ён паведаміў, што "Слаўкалій" плануе выходзіць на сусветны рынак сумесна з Беларускай калійнай кампаніяй. Кожыч упэўнены, што вытворчасць на год 10 млн тон хлорыстага калію "Беларуськаліем" плюс 2 млн тон — "Слаўкаліем" дапаможа бакам-партнёрам стаць больш магутнымі, дыктаваць свае цэны і ўмовы на рынку.

Кіраўнік кампаніі таксама паведаміў, што інжынерныя работы па падрыхтоўцы пляцоўкі для будаўніцтва фабрыкі плануецца завяршыць да ліпеня-жніўня.

На прадпрыемстве будзе створана прыблізна 2 тыс. працоўных месцаў. "Ужо распрацаваная праграма "Кадры". Мы будзем у працэсе будоўлі навучаць нашых спецыялістаў. Спадзяемся, што тут выступіць і партнёрам "Беларуськалій", дзе мы зможам іх стажыраваць", — сказаў "Беларусь 1" Кожыч.

Будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага комплекса пачалося ў верасні 2015 года. На цырымоніі пачатку будаўніцтва Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў перспектыве гэта дазволіць нарасціць вытворчасць калійных угнаенняў у Беларусі да 14 млн тон на год. У працэсе ўзвядзення комплексу прадугледжаная магчымасць газіфікацыі 21 населенага пункта Любанскага раёна, будзе пабудаваная чыгуначная станцыя і 37 км чыгункі, рэканструяваны Любанскі водазабор і ачышчальныя збудаванні.

Як раней паведаміў РБК Міхаіл Гуцарыеў, заснавальнік расійскай прамыслова-фінансавай групы "Сафмар", у структуру якой уваходзіць ЗТАА "Слаўкалій", яна мае намер укласці ў будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага комплексу 600 млн долараў.

"У нас ёсць радовішча з запасамі прыблізна 3 млрд тон калію. Мы прыцягнулі інвестара, Кітайскі банк развіцця выдзеліў нам крэдытную лінію на 1,44 млрд долараў на 14 гадоў са стаўкай 4% гадавых. Мы інвестуем, на 85% гэта кітайскія інвестыцыі, на 15% — нашы. Ад агульнай сумы кантракта ў 2 млрд долараў мы павінны пакласці сваю частку (300 млн долараў) і выплачваць ўсе працэнты. Атрымліваецца, што дзесьці 600 млн долараў — гэта мы, а 1,4 млрд долараў — гэта кітайскае ўрад", — адзначыў Гуцарыеў.

Паводле яго слоў, у будаўніцтве занятая нямецкая кампанія Herrenknecht "разам з яшчэ адной нямецкай кампаніяй", спецыялісты ўжо пачалі ўзводзіць шахту.

Гуцарыеў спадзяецца, што ўладкаванне радовішча зойме тры гады, а на працягу чатырох гадоў аб'ект будзе цалкам завершаны. "У нас будзе добрая калійная вытворчасць, высокарэнтабельная, з нізкімі выдаткамі і невялікай крэдытнай нагрузкай", — заявіў ён.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН