Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/20/908436_225588/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 17:03
20.06.2017 13:42 Палітыка

Лукашэнка: Пры аптымізацыі апарату Палаты прадстаўнікоў важнае пытанне скарачэння фінансавання

Мінск, 20 чэрвеня. Сітуацыя ў беларускім парламенце і падрыхтоўка да правядзення ў Мінску 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ абмеркаваныя 20 чэрвеня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам.

Лукашэнка перш за ўсё пацікавіўся працай парламента, у тым ліку вынікамі яго чарговай сесіі. "Парламент — новы, вы — чалавек спрактыкаваны, можаце параўноўваць, рабіць пэўныя высновы. З гэтага пункта гледжання, які парламент мае сёння наша краіна?" — цытуе прэзідэнта яго прэс-служба.

Адной з тэмаў сустрэчы стала правядзенне аптымізацыя апарату Палаты прадстаўнікоў. Як заявіў Лукашэнка, дэпутаты не могуць заставацца ў баку ад гэтага працэсу. "Калі нехта разумее аптымізацыю толькі як скарачэнне колькаснага складу, гэта няправільна. Важнае пытанне скарачэння фінансавання, матэрыяльных затрат на ўтрыманне той ці іншай структуры. Вось што такое аптымізацыя", — падкрэсліў ён.

Асаблівая ўвага, зазначае прэс-служба, была нададзеная падрыхтоўцы да правядзення ў Мінску 26-й летняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. "Я хацеў бы ведаць у падрабязнасцях, наколькі мы гатовыя да гэтага. Вы стварылі камісію і павінны былі вызначыць мой удзел у гэтым, каб я змог спланаваць свой працоўны графік", — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся станам спраў у Віцебскай вобласці, бо Андрэйчанка з'яўляецца дэпутатам ад некалькіх раёнаў гэтага рэгіёна.

Андрэйчанка праінфармаваў, што падрыхтоўка і правядзенне сесіі ПА АБСЕ з улікам міжнароднай значнасці гэтага мерапрыемства з'яўляецца прыярытэтным напрамкам працы для Палаты прадстаўнікоў. "Цікавасць да сесіі вельмі вялікая. На сённяшні дзень ужо зарэгістраваліся 593 удзельнікі з 56 краін. Мы чакаем, што колькасць краін яшчэ павялічыцца", — сказаў старшыня ніжняй палаты.

Мерапрыемствы 26-й сесіі ПА АБСЕ пройдуць у Мінску 5—9 ліпеня ў адміністрацыйным комплексе на праспекце Пераможцаў, 14, і ў "Прэзідэнт-гатэлі". У адкрыцці сесіі возьме ўдзел Аляксандр Лукашэнка, будуць запрошаныя іншыя вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены ўрада, дыпламатычны корпус і ганаровыя госці.

Плануецца, што ў сесіі ПА АБСЕ ў Мінску возьмуць удзел прыкладна 700 дэлегатаў з 57 дзяржаў.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН