Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/22/908734_147852/
Дата раздрукоўкі: 30.03.2020 06:50
22.06.2017 10:28 Палітыка

Лукашэнка: Для Беларусі важна супрацоўнічаць з Усходам і Захадам, не робячы штучнага выбару

Мінск, 22 чэрвеня. Для Беларусі ў роўнай ступені важна развіваць супрацоўніцтва з Усходам і Захадам, не робячы штучнага выбару паміж імі, заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы сёння ў Мінску прадстаўнікоў МЗС краін — членаў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы (ЦЕІ).
"Знешняя палітыка нашай краіны грунтуецца на шматвектарнасці і міралюбнасці. Мы імкнемся будаваць дружалюбныя, узаемавыгадныя адносіны з усімі дзяржавамі", — цытуе кіраўніка дзяржавы прэс-служба прэзідэнта.

Аднак, дадаў Лукашэнка, пэўныя сілы не пакідаюць спробаў адрадзіць блокавую палітыку мінулага. "Хто як не мы, прадстаўнікі дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, разумеем, да якіх разбуральных і катастрафічных наступстваў яна можа прывесці", — сказаў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, краінам ЦЕІ неабходна разам наводзіць масты паміж рознымі інтэграцыйнымі структурамі на кантыненце. "Рэаліі такія, што дзяржавам, якія геаграфічна знаходзяцца паміж Еўропай і Азіяй, неабходна браць на сябе больш адказнасці ў пытанні забеспячэння рэгіянальнай стабільнасці — тым больш, гэта часам нічога не каштуе ў матэрыяльным плане. Бо ад нас значна залежыць, стануць нашы краіны лініяй падзелу паміж сусветнымі цэнтрамі сілы або іх сувязным звяном. Зараз трэба будаваць не новыя жалезныя заслоны, а разам наводзіць масты паміж рознымі інтэграцыйнымі структурамі на кантыненце", — заявіў Лукашэнка. Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва, падкрэсліў ён, "павінна быць накіраваная на рашэнне менавіта гэтай, вельмі складанай, няпростай задачы".

Пасля сустрэчы з Лукашэнкам у "Прэзідэнт-гатэлі" пачнецца пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў краін ЦЕІ. Яно праводзіцца ў межах старшынства Беларусі ў ЦЕІ ў 2017 годзе.

Асноўная тэма дыскусіі гучыць так: "Нарастальная роля краін — членаў ЦЕІ ў прасоўванні сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці розных інтэграцыйных працэсаў у Вялікай Еўропе, уключаючы аб`яднанне намаганняў у супрацьстаянні новым пагрозам стабільнасці ў рэгіёне і ўмацаванне прагматычнага эканамічнага супрацоўніцтва паміж рознымі інтэграцыйнымі фарматамі".

Удзельнікі сустрэчы — кіраўнікі і прадстаўнікі МЗС Албаніі, Аўстрыі, Балгарыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Італіі, Малдовы, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Харватыі, Чэхіі, Чарнагорыі і Украіны.

Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва — рэгіянальнае аб`яднанне, створанае ў 1989 годзе Аўстрыяй, Венгрыяй, Італіяй і Югаславіяй. Галоўная мэта арганізацыі — садзейнічанне ўмацаванню еўрапейскага рэгіянальнага супрацоўніцтва для прадухілення ўтварэння новых ліній падзелу ў Еўропе. Зараз у склад ЦЕІ ўваходзяць 18 дзяржаў. Беларусь далучылася да арганізацыі ў чэрвені 1996 года.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН