Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/23/908908_147852/
Дата раздрукоўкі: 13.07.2020 23:37
23.06.2017 11:03 Фінансы, Эканоміка

Мінфін: Беларусь размясціла еўрабонды на 1,4 млрд долараў

Мінск, 23 чэрвеня. Міністэрства фінансаў пацвярджае факт размяшчэння Беларуссю еўрабондаў на 1,4 млрд долараў ЗША, заявілі БелаПАН у прэс-службе фінансавага ведамства.
Аб размяшчэнні Беларуссю двух траншаў еўрааблігацый з пагашэннем ў лютым 2023 года і ў чэрвені 2027 года на 800 млн і 600 млн долараў адпаведна паведаміла вечарам 22 чэрвеня агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы ў фінансавых колах.

Паведамляецца, што даходнасць кароткага траншу была ўсталяваная на ўзроўні 7,125% гадавых, доўгага выпуску — 7,625% гадавых. Пры гэтым сукупны попыт інвестараў перавысіў прапанову і склаў 3,1 млрд долараў. Арганізацыя здзелкі была даручаная банкам Citi і Raiffeisen.

Як паведамлялася, 19 чэрвеня беларуская дэлегацыя пачала серыю сустрэч з заходнімі інвестарамі (road show) для размяшчэння новых выпускаў еўрабондаў. Сустрэчы з патэнцыяльнымі інвестарамі адбыліся ў Лондане, Цюрыху, Франкфурце, а таксама ў Лос-Анджэлесе, Нью-Ёрку і Бостане.

Апошні раз беларускія ўлады выпускалі еўрабонды ў студзені 2011 года на сем гадоў, тэрмін іх пагашэння — 26 студзеня 2018 года. Даўгавыя паперы былі размешчаныя на 800 млн долараў па стаўцы 8,95% гадавых.

Намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, размаўляючы з журналістамі 14 чэрвеня, выказаў упэўненасць у здольнасці Беларусі разлічыцца па еўрабондах у студзені. "У стадыі выканання праграма ЕФСР, ёсць шэраг напрацовак, звязаных і з унутранымі крыніцамі, рэфінансаваннем абавязацельстваў па дзярждоўгу. Рыхтуемся і да таго, што будзем пагашаць 800 млн долараў у пачатку наступнага года", — удакладніў Ермаловіч.

Як адзначаюць эксперты, еўрабонды зручныя для ўладаў Беларусі тым, што ўраду не даводзіцца браць на сябе ніякіх абавязацельстваў у частцы рэформаў, у адрозненне ад крэдытаў МВФ і ЕФСР, якія прадугледжваюць выкананне пэўных патрабаванняў беларускім бокам. А галоўны мінус размяшчэння еўрабондаў у тым, што гэта даволі дарагое мерапрыемства.

Еўрабонды (еўрааблігацыі) — разнавіднасць доўгатэрміновых каштоўных папер. Гэта даўгавыя абавязацельствы, што цыркулююць на рынку еўравалют. Пазычальнікамі, якія выпускаюць еўрабонды, выступаюць урады, карпарацыі, міжнародныя арганізацыі, зацікаўленыя ў атрыманні грашовых сродкаў на працяглы тэрмін. Размяшчаюць еўрабонды інвестыцыйныя і камерцыйныя банкі. Гэтыя паперы лічацца адным з найбольш надзейных фінансавых інструментаў, таму асноўнымі іх пакупнікамі з'яўляюцца інстытуцыянальныя інвестары: страхавыя і пенсійныя фонды, інвестыцыйныя кампаніі.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239