Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/25/909145/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 21:21
25.06.2017 16:05 Палітыка

Кіраўнікі акрэдытаваных у Беларусі дыпмісій разам са сваімі сем'ямі прынялі ўдзел у Дні беларускай вышыванкі

Мінск, 25 чэрвеня. Кіраўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі, разам са сваімі сем'ямі 25 чэрвеня прынялі ўдзел у свяце "Дзень беларускай вышыванкі".

Мерапрыемства было прымеркавана да Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь, які будзе адзначацца 3 ліпеня, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

У Дні беларускай вышыванкі удзельнічаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. У сваім выступленні ён падкрэсліў важнасць правядзення такіх мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне і папулярызацыю беларускай самаідэнтычнасці. "Добра, што сёння мы маем магчымасць вярнуцца да гісторыі, вярнуцца да нашых каранёў. Я лічу, што наша сённяшняя сустрэча — гэта ваш уклад у развіццё беларускай ідэнтычнасці, у развіццё беларускай дзяржавы", — адзначыў Макей.

Па яго словах, характэрныя рысы нацыянальнага менталітэту беларусаў — міралюбнасць і неканфліктнасць — праяўляюцца і ў нацыянальных арнаментах краіны, якія па сваёй сутнасці накіраваныя выключна на мір і аб’яднанне.

Кіраўнік МЗС звярнуў увагу прысутных на тое, што беларускія арнаменты аб'ядноўваюць беларусаў з іншымі славянскімі народамі. "Тут прагучала яшчэ адна ідэя: правесці як-небудзь сустрэчу, на якую ўсе прыйдуць у сваіх нацыянальных кашулях, у сваёй нацыянальнай вопратцы", — сказаў Макей.

Ён выказаў надзею, што традыцыя, закладзеная сёння, будзе і надалей захоўвацца і развівацца.

Да ўвагі ўдзельнікаў мерапрыемства была прадстаўлена дэманстрацыя вырабаў з лёну з фондаў канцэрна "Беларускія мастацкія промыслы" і прыватных калекцый. Перад замежнымі дыпламатамі выступілі ВІА Pawa і фальклорны гурт GUDA.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239