Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/27/909429_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.03.2019 19:29
27.06.2017 12:55 Палітыка, Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка і Пуцін перад пасяджэннем ВДС возьмуць удзел у працы чацвёртага Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў Маскве

Мінск, 27 чэрвеня. 30 чэрвеня прэзідэнты Расіі і Беларусі правядуць у Маскве пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета (ВДС) Саюзнай дзяржавы, паведаміла прэс-служба Крамля.

Перад пасяджэннем ВДС кіраўнікі дзяржаў возьмуць удзел у рабоце чацвёртага Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі. Сёлета ён прысвечаны развіццю міжрэгіянальнай кааперацыі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства.

Парадкам дня ВДС, у прыватнасці, прадугледжана падвядзенне вынікаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін у 2016 годзе, абмеркаванне перспектыў узаемадзеяння ў машынабудаўнічым і аграпрамысловым комплексах.

Акрамя таго, будуць разгледжаны пытанні, звязаныя з забеспячэннем бягучай дзейнасці органаў Саюзнай дзяржавы.

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка таксама правядуць асобную сустрэчу, падчас якой абмяркуюць ключавыя тэмы двухбаковых адносін і актуальныя міжнародныя праблемы, адзначаецца ў паведамленні прэс-службы Крамля.

У праект парадку дня пасяджэння ВДС уключаныя дзевяць пытанняў. "Тры з іх, напэўна, найбольш адчувальныя для нас", — паведаміў першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі 26 чэрвеня на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу."Першае — гэта пытанні прамысловай кааперацыі, — сказаў ён. — Гэта вельмі важна, таму што тут у нас перыядычна ўзнікаюць з нашымі расійскімі калегамі пытанні. Другое — гэта пытанні паставак і ўзаемадзеяння ў межах аграпрамысловага комплексу. Трэцяе — гэта пытанні свабоды перамяшчэння і транзіту тавараў".

Паводле слоў Мацюшэўскага, расійскі бок "займае вельмі пратэкцыянісцкую пазіцыю". Таму, лічыць ён, трэба не толькі змагацца за расійскі рынак, але і думаць пра дыверсіфікацыю экспарту". "Толькі тады ў нас будзе месца для манеўру", — падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер.

Саюзны саміт планаваўся яшчэ ў лютым. 2 лютага прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што адной з ключавых тэм пасяджэння ВДС стане пытанне энергетычнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Аднак пасля безвыніковых перамоў па нафце і газе, якія неўзабаве прайшлі, Пяскоў заявіў, што тэрміны пасяджэння ВДС пакуль не ўзгодненыя.

Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што Беларусь не супраць правядзення чарговага пасяджэння ВДС, але на ім павінны быць прынятыя рашэнні па шэрагу канкрэтных пытанняў. "Мы павінны падрыхтаваць парадак дня гэтага пасяджэння і пазначыць там карэнныя пытанні, якія павінны сёння вырашацца", — сказаў прэзідэнт 9 сакавіка. ВДС, паводле яго слоў, не павінен ператварацца ў "засядалаўку — прыехалі, адзін на аднаго паглядзелі, перакусілі і раз'ехаліся, а вырашэння пытанняў няма".
Марина Носова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН