Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/27/909464_589647/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 17:01
27.06.2017 14:43 Эканоміка

Лукашэнка: За адзін-два гады тавараабарот паміж Беларуссю і В'етнамам павінен дасягнуць паўмільярда долараў

Мінск, 27 чэрвеня. Паводле вынікаў афіцыйных перамоў 27 чэрвеня ў Мінску падпісаная сумесная заява прэзідэнтаў Беларусі і В'етнама Аляксандра Лукашэнкі і Чан Дай Куанга аб усебаковым і паглыбленым развіцці адносін партнёрства паміж дзвюма краінамі, паведаміла прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы.

"У сумеснай заяве адлюстраваныя падобныя пазіцыі бакоў па пытаннях міжнародных і двухбаковых адносін. Пацвярджаецца курс на паслядоўнае развіццё і ўмацаванне традыцыйна дружалюбных сувязяў паміж Беларуссю і В'етнамам. Заяўлена пра агульнасць падыходаў да ключавых глабальных і рэгіянальных праблем і выказаная гатоўнасць да цеснага супрацоўніцтва ў межах міжнародных арганізацый", — гаворыцца ў паведамленні.

Асобная ўвага ў дакуменце нададзеная неабходнасці актывізацыі міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.

"Эфектыўная рэалізацыя пераваг зоны свабоднага гандлю паміж В'етнамам і Беларуссю як краінай — удзельніцай Еўразійскага эканамічнага саюза стварае дадатковыя магчымасці для дынамічнага нарошчвання тавараабароту. Сёння мы дамовіліся, што нашай мэтай у найбліжэйшыя год-два стане тавараабарот у паўмільярда долараў", — заявіў Лукашэнка паводле вынікаў перамоў з прэзідэнтам В'етнама.

Ён канстатаваў наяўнасць станоўчай дынамікі ў эканамічным узаемадзеянні. У прыватнасці пашыраюцца пастаўкі прадукцыі сельскай гаспадаркі, кандытарскіх вырабаў, машынакамплектаў. "Аснову нашага супрацоўніцтва складаюць прамысловая кааперацыя, рэалізацыя інфраструктурных і аграрных праектаў, разведка і здабыча карысных выкапняў", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Асаблівая ўвага падчас перамоў была нададзеная стварэнню ў В'етнаме сумеснай вытворчасці тэхнікі МАЗ, пастаўкам беларускіх самазвалаў і трактароў. Разгледжаныя таксама пытанні ўвозу ў Беларусь в'етнамскіх тавараў.

Паводле слоў Лукашэнкі, інтарэсам абодвух бакоў адпавядае ажыццяўленне сумесных праграм як на тэрыторыі В'етнама, так і ў Беларусі. У найбліжэйшай перспектыве гэта дазволіць прасоўваць прадукцыю ў краінах — удзельніцах Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі і ЕАЭС. "Таму чакаем ад беларуска-в'етнамскага бізнес-форуму выніковых перамоў і ўзаемавыгадных доўгатэрміновых кантрактаў. Нам неабходна і далей стымуляваць падтрыманне ўстойлівых дзелавых сувязяў, у тым ліку па лініі гандлёва-прамысловых палат, асацыяцый, аб'яднанняў", — сказаў беларускі кіраўнік.

Ён канстатаваў, што набірае абароты і міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне Беларусі і В'етнама як адзін з важных складнікаў усяго комплексу адносін.

Пазітыўным фактарам названае падтрыманне двухбаковых кантактаў у гуманітарнай сферы. У 2017 годзе адбыліся Дні культуры Беларусі ў В'етнаме, а ў наступным годзе аналагічнае мерапрыемства правядзе ў Беларусі в'етнамскі бок.

У цэлым, як адзначае прэс-служба, на перамовах прэзідэнтаў быў дэталёва абмеркаваны ўвесь спектр беларуска-в'етнамскіх адносін і перспектывы іх вываду на больш высокі ўзровень. "Беларусь разглядае В'етнам як аднаго з ключавых партнёраў у Паўднёва-Усходняй Азіі. Гэта пацвярджае шматгадовае супрацоўніцтва, паразуменне і сяброўства нашых народаў", — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што па большасці важных пытанняў міжнароднага парадку дня падыходы Беларусі і В'етнама супадаюць. Рэгулярна ажыццяўляецца парламенцкі дыялог, абмен дэлегацыямі на ўрадавым і рэгіянальным узроўнях.

Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў, што падпісаны паводле вынікаў перамоў пакет дакументаў, уключаючы сумесную заяву прэзідэнтаў, скіраваны на ўмацаванне ўзаемавыгаднага партнёрства ў самых розных галінах. Лукашэнка перакананы, што дасягнутыя дамоўленасці паслужаць магутным дадатковым імпульсам для развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.

Чан Дай Куанг запрасіў Лукашэнку наведаць В'етнам у зручны для яго час. Запрашэнне прынятае, канкрэтныя тэрміны візіту будуць узгодненыя.

У прысутнасці прэзідэнтаў падпісаныя шэраг двухбаковых дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах. У прыватнасці пагадненне аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і В'етнамскай акадэміяй навук і тэхналогій, а таксама мемарандум аб узаемаразуменні ў галіне акадэмічных абменаў і супрацоўніцтва паміж НАНБ і В'етнамскай акадэміяй грамадскіх навук. Заключаныя пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве паміж Брэсцкай вобласцю і правінцыяй Лао Кай і мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Віцебскай вобласцю і горадам Хайфон В'етнама на 2017—2021 гады.

Паводле апошніх звестак Белстата, за студзень—красавік 2017 года тавараабарот Беларусі і В'етнама склаў 31 млн 866 тыс. долараў, што на 36,3% больш, чым за аналагічны леташні перыяд, у тым ліку экспарт — 17 млн 134,4 тыс. (на 33,3% больш), імпарт — 14 млн 631,6 тыс. (на 40% больш). Станоўчае сальда для Беларусі склала 2 млн 602,8 тыс. долараў.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН