Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/30/910011_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 20:43
30.06.2017 13:36 Грамадства

З-за непагадзі 29 чэрвеня ў Беларусі перабоі з электрычнасцю здарыліся больш чым у 800 населеных пунктах

Мінск, 30 чэрвеня. З прычыны непагадзі 29 чэрвеня на тэрыторыі Беларусі былі часова абясточаныя больш за 800 населеных пунктаў, паведамляе МНС.

Паводле аператыўных даных на раніцу 30 чэрвеня, у выніку праходжання па рэспубліцы навальнічнага фронту з парывамі ветру да 22 м/с пацярпелі 11 населеных пунктаў у чатырох раёнах Гродзенскай вобласці і ў двух раёнах Мінскай вобласці. Пашкоджаныя дахі 56 жылых дамоў (13 адноўленыя), двух аб'ектаў сацкультбыту і чатырох сельскагаспадарчых будынкаў.

Паводле даных ДВА "Белэнерга", на працягу сутак на тэрыторыі рэспублікі перыядычна парушалася электразабеспячэнне 814 населеных пунктаў (з іх 449 у Гродзенскай вобласці). Па стане на 6.00 30 чэрвеня заставаліся без электразабеспячэння 95 населеных пунктаў.

Таксама адбылося 58 выпадкаў падзення дрэў: у Брэсцкай вобласці 33 выпадкі, Гродзенскай — 15, Мінскай вобласці — 9 і ў Мінску адзін выпадак, пашкоджаныя тры легкавыя аўтамабілі. У Кобрынскім і Бярозаўскім раёнах Брэсцкай вобласці дрэвы ўпалі на чыгуначныя шляхі і паветраныя лініі электраперадачы, прызначаныя для сілкавання станцыйных і перагонных прылад аўтаматыкі. Затрымка руху сямі пасажырскіх цягнікоў склала ад 29 хвілін да амаль дзвюх гадзін.

З вечара 29 чэрвеня да паўночы без электразабеспячэння заставаліся Слонім і Дзятлава (Гродзенская вобласць). Аб'екты першай катэгорыі былі пераведзеныя на рэзервовыя крыніцы сілкавання.

Паводле інфармацыі ратавальнікаў, пацярпелых няма. Работнікі МНС і іншых арганізацый распілавалі і прыбралі паваленыя дрэвы. Вядуцца аднаўленчыя работы.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН