Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/30/910062_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 20:47
30.06.2017 14:58 Палітыка

Лукашэнка: Ніякія санкцыі Беларусі і Расіі не перашкода

Мінск, 30 чэрвеня. Ніякія санкцыі Беларусі і Расіі не перашкода. "Мы пераадолеем усё", — заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 30 чэрвеня на чацвёртым Форуме рэгіёнаў у Маскве.

"Усялякія санкцыі падштурхнулі і нас, і вас у чарговы раз да наймоцнаму руху па імпартазамяшчэнні. І мы апынуліся ў прыбытку. І ў гэтым кірунку мы павінны рухацца, ствараючы сумесныя прадпрыемствы", — упэўнены Лукашэнка.

Ён адзначыў, што вытворчая кааперацыя і саюзныя праграмы сведчаць аб эфектыўнасці аб'яднання матэрыяльных і інтэлектуальных магчымасцяў Беларусі і Расіі. "Выгады атрымліваюць і расійская, і беларуская эканомікі", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, да гэтага моманту дзейнічае 70 пагадненняў на ўзроўні ўрада Беларусі і адміністрацый суб'ектаў Расіі, кожнае з якіх суправаджаецца чатырохгадовай праграмай супрацоўніцтва.

Гаворачы пра развіццё інфармацыйных тэхналогій, Лукашэнка адзначыў, што беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў гэтай сферы магло б развівацца больш дынамічна, у тым ліку на базе Парку высокіх тэхналогій. Ён падкрэсліў, што мабільнымі дадаткамі кампаній — рэзідэнтаў ПВТ сёння карыстаюцца ў 193 краінах, звыш 90% праграмнага забеспячэння, што вырабляецца ў парку, ідзе на экспарт у Расію, краіны Заходняй Еўропы і ЗША.

"Супрацоўніцтва нашых краін у галіне інфармацыйных тэхналогій становіцца адной з фундаментальных асноў стратэгічнага партнёрства, — сказаў Лукашэнка. — Мы паставілі амбітную задачу ператварыць Беларусь у IT-краіну, неўзабаве прымем прававыя дакументы для гэтага".

Паводле яго слоў, дакументы рыхтаваліся сумесна з расіянамі. "Упэўнены, што гэта будзе наш з вамі агульны праект, — сказаў Лукашэнка. — Перакананы, што нашым краінам разам будзе прасцей зрабіць упэўнены крок у будучыню, каб годна канкураваць на сусветным рынку".

Лукашэнка таксама заклікаў расійскія кампаніі больш актыўна прыходзіць у кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень". "Мяркую, што за год-паўтара адбудуем гэты парк. Вельмі б хацелася, каб расейскія кампаніі таксама там працавалі. А лепш нашы сумесныя прадпрыемствы, нам ёсць што там ствараць", — упэўнены ён.

У сваю чаргу прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адзначыў, што Беларусь і Расія з'яўляюцца "стратэгічнымі партнёрамі і саюзнікамі ў поўным сэнсе гэтага слова", паступальна развіваюць адносіны па ўсіх напрамках.

"Сёння пераважная большасць расійскіх рэгіёнаў цесна ўзаемадзейнічаюць са сваімі сябрамі ў Беларусі, — сказаў Пуцін. — Нам разам удалося выбудаваць эфектыўную структуру кааперацыі, што стварае надзейную базу для супрацоўніцтва".

Паводле яго слоў, у 2016 годзе аб'ём расійскіх інвестыцый у Беларусі склаў 4 млрд долараў, пры гэтым асноўная іх доля — прамыя замежныя інвестыцыі. Пуцін адзначыў, што расійскі бізнес інвесціруе ў беларускі транспарт, апрацоўчую прамысловасць. Беларускія інвестыцыі ў Расіі ў мінулым годзе склалі каля 600 млн долараў — у сельскую гаспадарку, раздробны гандаль, фармацэўтыку.

Паводле слоў Пуціна, найбольш актыўна з Беларуссю працуюць Масква, Санкт-Пецярбург, Маскоўская, Пскоўская, Смаленская вобласці. "Набірае абароты ўзаемадзеянне Беларусі з расійскім Далёкім Усходам, — сказаў ён. — Адзін з прыкладаў — сумеснае стварэнне ў Сахалінскай вобласці сучаснага аграгарадка. Разлічваем, што колькасць такіх ўзаемавыгадных праектаў будзе толькі расці".

Пуцін заявіў, што Расія гатовая да самага цеснага супрацоўніцтва з партнёрамі з Беларусі для забеспячэння ўстойлівага доўгатэрміновага росту эканомік дзвюх краін. "Мы гатовыя разам выбудоўваць прамысловую і тэхналагічную палітыкі, развіваць інфраструктуру", — сказаў Пуцін.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН