Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/30/910112_910113/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 03:29
30.06.2017 17:04 Эканоміка, Палітыка

Лукашэнка разлічвае на далейшае канструктыўнае ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі па нафтагазавых пытаннях

Мінск, 30 чэрвеня. Аляксандр Лукашэнка разлічвае на далейшае канструктыўнае ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі па нафтагазавых пытаннях. Пра гэта ён заявіў 30 чэрвеня ў Маскве на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета (ВДС) Саюзнай дзяржавы, паведамляе БелТА.

"Спадзяюся на далейшае канструктыўнае ўзаемадзеянне нашых галіновых міністэрстваў наконт фарміравання агульнага рынку газу, нафты і нафтапрадуктаў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза", — сказаў Лукашэнка, нагадаўшы, што раней у Санкт-Пецярбургу бакі ўжо ўзгаднілі прынцыповыя падыходы ў супрацоўніцтве ў нафтагазавай сферы да 2025 года.

Пасяджэнне ВДС планавалася яшчэ ў лютым, але адкладалася з-за нафта-газавага канфлікту, які Мінск і Масква не маглі ўрэгуляваць больш за год.

3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, пасля якой было заяўлена, што паміж краінамі не засталося нявырашаных пытанняў.

13 красавіка на пасяджэнні расійскага ўрада прэм`ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў паведаміў падрабязнасці нафтагазавых дамоўленасцяў з Беларуссю, якія, паводле яго слоў, задавальняюць абодва бакі.

У прыватнасці, сказаў Мядзведзеў, зацверджаны пратакол, які вызначае аб`ёмы паставак расійскай сырой нафты з 2017 па 2024 гады ў памеры 24 млн тон штогод трубаправодным транспартам.

Другі пратакол устанаўлівае парадак вызначэння цаны на газ для Беларусі на перыяд да 31 снежня 2019 года. Дакумент "прадугледжвае распрацоўку ў тэрмін да 1 студзеня 2018 года прапановы па праграме фарміравання агульнага рынку газу Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года", дадаў кіраўнік расійскага ўрада.

Трэці пратакол, паводле слоў Мядзведзева, утрымлівае правілы доступу да паслуг суб`ектаў натуральных манаполій у сферы транспарціроўкі газу. "Замест ранейшых нормаў будуць прымяняцца нормы Еўразійскага эканамічнага саюза. Пратакол закране ў тым ліку і пытанні цэнаўтварэння і тарыфнай палітыкі", — сказаў ён.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН