Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/06/30/910134_456321/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 02:38
30.06.2017 18:19 Палітыка, Эканоміка

Пуцін: У Расіі і Беларусі ёсць рэзервы, каб вярнуцца да ранейшых тэмпаў развіцця двухбаковага гандлю

Мінск, 30 чэрвеня. У Расіі і Беларусі ёсць рэзервы, каб вярнуцца да ранейшых тэмпаў развіцця двухбаковага гандлю, заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы 30 чэрвеня ў Маскве.

"У нас ёсць рэзервы, каб вярнуць узаемны гандаль на траекторыю ўстойлівага росту, аднавіць тэмпы эканамічнага развіцця Саюзнай дзяржавы", — сказаў расійскі кіраўнік, стэнаграму выступу якога прыводзіць прэс-служба Крамля.

Паводле слоў Пуціна, для гэтага неабходна і далей рэалізоўваць буйныя інфраструктурныя праекты, удасканальваць дзелавы клімат, здымаць гандлёвыя інвестыцыйныя бар'еры паміж эканомікамі і ў цэлым праводзіць узгодненую эканамічную палітыку.

"Калі мы гэта зробім, нашы вытворцы змогуць на роўных умовах канкураваць з сусветнымі лідарамі", — упэўнены прэзідэнт Расіі.

"Мы абмеркавалі сёння і пытанні ўмацавання супрацоўніцтва ў машынабудаўнічай і аграрнай сферы. Гэтым пытанням будзем і далей надаваць першачарговую ўвагу. У машынабудаванні, на наш погляд, важна нарошчваць уласныя магутнасці, а таксама вытворчасць запатрабаванай навукаёмістай прадукцыі, усяляк падтрымліваць перспектыўныя праекты і ініцыятывы, прасоўваць на знешнія рынкі сумесна вырабленыя тавары, — сказаў Пуцін. — У галіне сельскай гаспадаркі варта больш энергічна ўкараняць перадавыя тэхналогіі, працягваць стварэнне сучасных жывёлагадоўчых комплексаў. Пра некаторыя з гэтых пытанняў мы гаварылі сёння, Аляксандр Рыгоравіч згадваў некаторыя праблемы. Трэба больш увагі надаваць селекцыйна-генетычным цэнтрам, нарошчваць экспартны патэнцыял аграрнага комплексу нашых краін".

"На перыяд 2018—2020 гадоў асаблівую ўвагу будзем надаваць забеспячэнню роўных умоў для вядзення бізнесу на тэрыторыі Расіі і Беларусі, а таксама доступу нашых кампаній і прадпрыемстваў на рынкі адзін аднаго", — адзначыў Пуцін.

Ён нагадаў, што крыху больш за два гады таму Расія і Беларусь ухвалілі прыярытэтныя кірункі далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы да канца 2017 года. Паводле слоў расійскага лідара, пастаўленыя ў гэтым дакуменце задачы ў асноўным выкананыя, "удалося замацаваць пазітыўную дынаміку двухбаковых інтэграцыйных працэсаў, многае зробленае ў міграцыйнай сферы, у гарманізацыі заканадаўства ў антыманапольнай, падатковай і грашова-крэдытнай абласцях, для развіцця гуманітарных кантактаў".

Пуцін таксама адзначыў, што Расія і Беларусь эфектыўна рэалізуюць праграму ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі, "так, як гэта і належыць сапраўдным саюзнікам". У заключэнне ён падкрэсліў, што "для Расіі ўзаемавыгадная раўнапраўная інтэграцыя з Беларуссю ў межах Саюзнай дзяржавы — гэта адзін са стратэгічных прыярытэтаў, што замацаваны ў канцэпцыі знешняй палітыкі Расіі".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН